АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ

10 июня 2014 г.

Навіны

(25.05 – 04.06.2014)

Пра Ярузэльскага

25 траўня 2014 г. французкая газэта “Le Figaro” апублікавала артыкул пра памерлага генэрала Войцэха Ярузэльскага. Газэта зьвярнула ўвагу на менш вядомыя факты яго біяграфіі. Пасьля ўтварэньня ў СССР польскай арміі ў 1942 г. малады афіцэр Ярузэльскі служыў у ваеннай выведцы, быў адказным за арышты і катаваньні польскіх жаўнераў. Ён дзейнічаў пад мянушкай “Вольскі”. Далейшая ягоная кар’ера праходзіла ў палітычных ворганах арміі, дзе ён даслужыўся да начальніка палітупраўленьня Войска Польскага, а ў 1968 г. стаў міністрам абароны. З тае пары ягоны палітычны ўплыў з кожным годам станавіўся ўсё больш значным. Ярузэльскі быў апошнім камуністычным кіраўніком Польшчы.

Наш камэнтар: Камісар, ідэолаг у генэральскім мундзіры – чаго яшчэ можна было чакаць ад такой фігуры? Толькі халoпскага служэньня Маскве і здушэньня народа.

Юрка Марозаў


Замест арышту “выдалілі”

31 траўня 2014 г. іспанская газэта “El Pais” напісала, што міністэрства ўнутраных справаў Іспаніі выдаліла з краіны 100 джыхадзістаў, якія ўяўляюць пагрозу для нацыянальнай бясьпекі. Гэта прадстаўнікі пяці мусульманскіх краін. Ім забаронена вяртацца ў Іспанію на працягу 10 гадоў. Яны фінансавалі Аль-Каіду і супрацоўнічалі з гэтай арганізацыяй.

Наш камэнтар: Лібэралізм у дзеяньні. Злавілі небясьпечных тэрарыстаў – экзотаў з чужых краін. І выдалілі, але праз 10 гадоў яны могуць вяртацца назад у Іспанію. Фантастычная эфэктыўнасьць самаабароны заходняй цывілізацыі.

Алесь Хадасевіч


Бяссэнсавы пераварот

2 чэрвеня 2014 г. славацкая газэта “SME” напісала пра падзеі ў Абхазіі. Тамака тысячы людзей штурмавалі палац прэзыдэнта непрызнанай рэспублікі і вытурылі яго з краіны. Цяпер Абхазіяй кіруе новая народная рада, рыхтуюцца датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Новая ўлада заявіла пра сваю адданасьць Расеі, у дапамозе якой мае патрэбу Абхазія.

Наш камэнтар: Расея шляхам ваеннай агрэсіі захапіла правінцыю Грузіі Абхазію і ўтварыла там “незалежную дзяржаву”, дзе ўсе з пашпартамі РФ. Акупанты абяцалі абхазам рай на зямлі. А грузіны ня супраць – яны свабодна пускаюць абхазаў наведаць свабодныя грузінскія тэрыторыі. Абхазы бачаць кантраст паміж Грузіяй, якая разьвіваецца з дапамогай цывілізаванага сьвету, і сваёй тэрыторыяй, якая гібее пад маскоўскай акупацыяй. Адсюль уся нестабільнасьць і бяссэнсавыя перавароты.

Алесь Хадасевіч


Вось як, аказваецца!

2 чэрвеня 2014 г. польская газэта “Rzeczpospolita” цытавала міністра замежных справаў РФ Лаўрова, які выступіў на форуме маладых лідэраў у Маскве, дзе прысутнічалі расейцы з шэрагу краін. Лаўроў сказаў: “Неабходна ўзмацняць глабальны статус расейскай мовы і культуры”. Ён яшчэ казаў пра “зьяднаньне “русского міра” і клопат аб правах суайчыньнікаў замяжой.

Наш камэнтар: Вось як, аказваецца! Не эканоміка і гандаль, а “мова і культура” ёсьць найважнейшымі чыньнікамі расейскай палітыкі. А Зянон Пазьняк і беларускія патрыёты даўно зьвярталі ўвагу на тое, што зьяўляецца найважнейшым у палітыцы і існаваньні дзяржавы. Без расейшчыны ня будзе маскоўскай імпэрыі – самы крамлёўскія прызнаюцца.

Юрка Марозаў


Вайна на Ўкраіне

3 чэрвеня 2014 польская газэта “Rzeczpospolita” паведаміла пра заяву в.а. прэзыдэнта Украіны Аляксандра Турчынава. Ён заявіў, што ўкраінская армія ачысьціла ад баевікоў паўночную частку Данбаса.

Наш камэнтар: Нездарма ў Расеі адбываецца тэрміновы набор забойцаў усіх масьцяў дзеля нападу на Украіну. Маскоўскія тэрарысты панесьлі вялікія страты і многія зь іх у паніцы. Так трэба біць лютага ворага, калі ён уварваўся на тваю зямлю.

Юрка Марозаў


25-годдзе трагедыі

4 чэрвеня 2014 г. нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” напісала пра 25-годдзе трагедыі на плошчы Цянь-аньмэнь у Пэкіне (1989 г.). Камуністычны рэжым кінуў войскі на пратэстуючых студэнтаў і моладзь. Загінулі сотні людзей. Адным з сымбаляў таго змаганьня стаўся фотаздымак гамбургскага журналіста Джэфа Відэнэра: самотны чалавек становіцца на дарозе перад танкавай калёнай і спыняе яе.

Наш камэнтар: Пэкінскі Майдан паказаў – нельга пасыўна супраціўляцца камуністычнай хунце. Яе можна перамагчы толькі атакуючы.

Юрка Марозаў