Успамінаюцца падзеі 20-гадовай даўніны: першая “элегантная перамога” крыклівага і шматслоўнага дэпутата са Шклоўшчыны, зь якога многія тады кпілі. Той, хто сьмяяўся, вачам сваім ня мог паверыць, калі глядзеў па тэлевізару першую прэс-канфэрэнцыю “першага прэзыдэнта”, які бадзёра распавядаў, як “все деньгі в казне мышы съелі”… З другога боку па ўсёй краіне адбываліся эйфарычныя сцэны з удзелам грамадзян, якія галасавалі за яго і сьвяткавалі свой выбар. У некаторых сем’ях нават накрылі сталы, падымалі чарку і гукалі: “Вып’ем за победу! За нашего презідэнта! Он із народа, как і мы!..” Публіка ў электравіках гула: “Он же наш, із села! Он поднімет сельское хозяйство!”
беларусы папярэджвалі аб тым, што “пераможца” вельмі жорстка абыдзецца ў першую чаргу з тымі, хто ставіцца да яго з эйфарычным захапленьнем і лічыць, што прывёў яго да ўлады. Але публіка іх і слухаць не хацела, нават кідалася біцца. Што было потым, усе ведаюць. Ён адудзячыў па-свойму перш за ўсё пэнсіянэрам і вяскоўцам. У электравіках даўно ўжо ніхто не гудзе, эйфарыя даўно скончылася. Маўчаць тыя, хто не абараніў у 1995 годзе беларускую мову і беларускае школьніцтва. У суседняй Украіне ідзе вайна і маладым беларусам (якія прайшлі “русскую школу”) прапануецца быць гатовымі ваяваць, калечыцца і паміраць “за Россію”. Дарэчы, пра гэта разумныя людзі таксама папярэджвалі 20 гадоў таму і ўвесь час.
Што здарылася з сельскай гаспадаркай у нашай краіне, усе ведаюць – яна разгромлена. А ў рэжыма ёсьць свой на гэта рэцэпт. Цытуем яго галоўнага начальніка з выступа 27 траўня:
«Я ставлю жестко вопрос потому, что на столе декрет, о котором я говорил ранее. Вчера мне его положили на стол по поводу, скажем прямо, «крепостного права». Мы замыкаем на губернаторов все. Ты не уволишься и не перейдешь - помните, я говорил в послании? Так начинайте же вы шевелиться, чтобы народ не сказал: что вы нас зажимаете, а сами непонятно как работаете. Поэтому все полномочия в ближайшую неделю перейдут в руки органов власти и «шалтай-болтай» уже не будет».
Нагадаем, што расейскае “крепостное право” (па-беларуску “прыгон”) было адменена яшчэ за цара ў 1861 годзе, потым адноўлена бальшавікамі і зноў часткова адменена пры раньнім Брэжневе. І вось “ в лучшіх традіціях” прыгон для беларускага сялянства зьбіраюцца аднавіць у бліжэйшы час “высачэйшым дэкрэтам”. Работнікам агра-прамысловага комплексу забаронена будзе звальняцца з працы. Вось такая падзяка тым, хто паверыў быў гэтаму тыпажу і ягоным абяцанкам.
Толькі вызваленьне ад акупанцкага, кіруемага з Масквы рэжыму можа выратаваць наш народ і краіну.
Сяргей Камароўскі