Падчас бою ў данецкім аэрапорце ў панядзелак, 26 траўня, быў забіты вэтэран расейскага спэцназу. Пра гэта ў Facebook паведаміў галоўны рэдактар выданьня “Цензор.НЕТ” Юры Бутусаў.
“Як паведамляе расейскі часопіс “Спецназ”, у баі за аэрапорт Данецка ўкраінскія войскі зьнішчылі аднаго з найбольш небясьпечных тэрарыстаў “Данецкай народнай рэспублікі” – расейскага наёмніка Сяргея Ждановіча”, — напісаў Бутусаў.
Паводле ягонай інфармацыі, Ждановіч ваяваў у Аўганістане і Чачэніі, а таксама быў адным з інструктараў у Цэнтры спэцыяльнага прызначэньня ФСБ Расеі. Бутусаў удакладняе, што гэта “элітная вайсковая частка”.
“19 траўня Ждановіч прыбыў з расейскага Электрагорска ў Растоў-на-Доне, адтуль нелегальна перайшоў мяжу Украіны. 26 траўня ў аэрапорце Ждановіча “накрыў” украінскі спэцназ”, — адзначыў журналіст.
У панядзелак, 26 траўня, украінскія сілавікі нанесьлі авіяўдар па пазыцыях тэрарыстаў паблізу данецкага аэрапорта. Сутыкненьні працягваліся да 3-х раніцы 27 траўня. У выніку баёў загінулі двое цывільных жыхароў і 38 удзельнікаў баявых дзеяньняў. Па дадзеных міністра ўнутраных спраў Арсэна Авакава, украінскіх праваахоўнікаў і вайскоўцаў сярод загінуўшых няма.
29.05.2014
Пераклад расейскай.