- (21.05 – 23.05.2014)*
Фашыстоўская дэзінфармацыя супраць Украіны
21 траўня 2014 г. славацкая газэта “SME” прысьвяціла вялікі артыкул з ілюстрацыямі такзваным “фэйкам” або фальшывым паведамленьням у інфармпрасторы ў рамках тэмы крызісу на Украіне. Газэта напісала, што раскрыўся шэраг крыніц гэтага фальшу: расейскія агенцыі і выданьні, а таксама шэраг заходніх журналістаў, якія супрацоўнічаюць з расейскімі СМІ. Прадэманстраваны цэлы шэраг “фэйкаў”: забітая ў Адэсе “цяжарная жанчына” (якой на самой справе не было ў спаленым Доме прафсаюзаў), прымаляваныя свастыкі на ўкраінскіх танках (іх не было), відэа нападу ўкраінцаў на прарасейскіх актывістаў (хаця на відэа быў напад прарасейскіх на ўкраінскіх патрыётаў) і г.д.
Наш камэнтар: Заходнікаў ды й нас з вамі ўражваюць маштабы і бессаромнасьць маскоўскай гёбэльсаўшчыны. Бачна, што падкуплена шмат “русістаў” і “саветолагаў”, якія абслугоўваюць Маскву.
Алесь Хадасевіч
Маёнткі і крымнаш
22 траўня 2014 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул і фотаздымкі, прысьвечаныя дачным маёнткам бюракратаў, блізкіх да Пуціна. Гэта вялікія палацы, штучныя азёры, лясныя ўчасткі, верталётныя пляцоўкі і г.д.
Наш камэнтар: Пра гэта ведае насельніцтва Расеі. І вось жа практычна ніхто не заяўляе, што не хацеў бы, каб ягоныя сыны ваявалі і паміралі на Украіне за крамлёўскую банду. А навошта, калі крымнаш?
Юрка Марозаў
Ён, “як Гітлер”
22 траўня 2014 г. дацкая газэта “Berlingske” напісала аб тым, як Масква ўшчынае скандал з Вялікай Брытаніяй. Днямі падчас візыту ў Канаду прынц Чарльз на адным прыёме размаўляў з 78-гадовай габрэйскай жанчынай. Яна распавяла прынцу, як яна зь сям’ёй вымушана была ўцякаць ад немцаў з Гданьска ў 1939 г. Чарльз сказаў ёй, што Пуцін цяпер паводзіць сябе, як Гітлер. Людзі вакол пачулі гэтыя словы, субяседніца Чарльза цытавала яго ў сваім выступе. І пачалося. Масква патрабуе ад Лёндану тлумачэньняў, яна абурана.
Наш камэнтар: “Бдітельные товарішчі”, аднак. Афіцыйны Лёндан ужо паведаміў Маскве, што гэта было прыватнае выказваньне прынца. Але Маскве не спадабалася. Можа яны і на брытанскія выспы кінуць сваіх “зялёных чалавечкаў”?
Юрка Марозаў
“Зашыўся” ад вайны
23 траўня 2014 г. славацкая газэта “SME” напісала, што ў Маскве “расейскія ўлады распачалі рассьледваньне ў адносінах да блізкіх супрацоўнікаў апазыцыйнага лідэра Аляксея Навальнага”. Навальны ўжо два месяцы знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Наш камэнтар: Нешта даўно мы нічога ня чулі пра гэтага “лідэра” (вельмі падобнага на менскага “адзінага лідэра” Мілінкевіча). Цікава зашыўся “лідэр” у хаце, нават пра Украіну нічога не сказаў. А столькі шуму было!
Алесь Хадасевіч
Перапяваюць фашыстаў
23 траўня 2014 г. дацкая газэта “Politiken” апублікавала артыкул пад тытулам “Пуцін: Крызіс ва Украіне зараз зьяўляецца паўнамаштабнай грамадзянскай вайной”. Пуцін выказваўся так на форуме ў Пецярбурзе. Ён сказаў, што ЗША нясуць галоўную адказнасьць за тое, што сытуацыя ва Украіне ператварылася цяпер у хаос”. Таксама, што “аднапалярная мадэль сьвету не апраўдала сябе”.
Наш камэнтар: Пуцін нагаварыў шмат чаго. Чачэнскія кадыраўскія батальёны, якія забіваюць украінцаў, расейскія верталёты, афіцэры, ваенспэцы, бандыты, якія ні слова ня ўмеюць па-украінску, — усё гэта, аказваецца, грамадзянская вайна. А некаму здавалася, што толькі расейскія СМІ распаўсюджваюць гёбэльсаўскую хлусьню. Аж тут і “піндосы” пры справе.
Юрка Марозаў
Замест саўдэпіі вайна
23 траўня 2014 г. летувіская газэта “Respublika” паведаміла пра “мабілізацыю і пасылку мужчын у гарачыя кропкі”, што было абвешчана ў так званых Данецкай і Луганскай ”народных рэспубліках”.
Наш камэнтар: Як вядома, большасьць жыхарства ў гэтых рэгіёнах не падтрымала кіеўскі Майдан і рэвалюцыю ва Украіне (што праўда, і супраць рэвалюцыі яны актыўна ня выступілі). Данецкія і луганскія думалі, што яны “самыя разумныя”. Калі што, маўляў, то “Савецкі саюз сам сабой вернецца на Данбас і Луганшчыну”. Але замест саўдэпіі зьявілася вайна, справакаваная Масквой і мясцовымі бандытамі. Бандыты нават загадваюць ваяваць і паміраць за іх мясцовым мужчынам. Вось такога ніхто не чакаў. Так бывае з раўнадушнымі да свайго лёсу і лёсу краіны супольнасьцямі.
Алесь Хадасевіч