Фальшывы трыюмф дыверсантаў у Данецку

28 мая 2014 г.

Навіны

У Сеціве і СМІ запушчана сэрыя відэа і тэкстаў, прысьвечаная “радаснай сустрэчы батальёна “Восток” жыхарамі Данецка”.. Пры знаёмстве з плыньню інфармацыі пра гэтую падзею ў нас паўсталі пытаньні, зразумела, рытарычнага характару. Давайце па парадку:

Відэаздымкі дэманструюць шчыльны натоўп народу на плошчы ў Данецку. Увесь народ у цывільным, трымае сьцягі РФ і РБ, ёсьць шмат жанчын. Большасьць здымкаў зроблена з сярэдзіны натоўпу, таму здаецца, што людзей на плошчы вельмі шмат, цэлая шматаблічная маса. Але ў адным з запісаў здымшчык знаходзіўся на ўскрайку плошчы. Ён незнарок павярнуў свой смартфон убок і “шматаблічная маса” скончылася. Аказалася, што плошча зусім не такая вялікая, калі здымаць з краю. І людзей ня так шмат, максімум да трох тысячаў. У Данецку пражываюць каля мільёна людзей. На плошчы сабраліся ў прынцыпе лічаныя сотні з насельніцтва вялікага горада. Дзе падзеліся астатнія? Чаму яны не радуюцца прыбыцьцю маскоўска-чачэнскага батальёна “Восток”?

Цяпер пра сам батальён. Цікава, а што гэта быў за “трыюмфальны ўезд” батальёна ў горад Данецк? Як можна сустракаць тых, хто ўжо некалькі тыдняў знаходзіцца ў Данецкай вобласьці і натварыў ужо шмат крымінальных справаў? Значыць, арганізатары “трыюмфа” сабралі на плошчы мясцовых апантаных і залежных людзей (аплочаных, падманутых і бюджэтна залежных), а потым папрасілі “Восток” праехацца праз горад ў накірунку плошчы з ускраін Данецка, дзе батальён знаходзіўся. Карцінка ў цэлым атрымалася. А ў прыватнасьці? А ў прыватнасьці паўстае пытаньне. Чаму “Восток” сустракалі з крыкамі “Героям слава!” толькі на плошчы? Чаму расейцы з кадыраўскімі чачэнцамі праехаліся па ўсім горадзе праз пустыя вуліцы, дзе іх ніхто не вітаў? Чаму “радаснае насельніцтва” пахавалася па хатах і не разьвесіла ў горадзе згаданыя ўжо сьцягі?

Зразумела, што абсалютная бальшыня з амаль мільённага насельніцтва Данецка ніяк ня ўдзельнічала ў мэханізаваным тэатральным прадстаўленьні пра “любоў данчанаў да батальёна “Восток”. Людзі ў жаху ад таго, што ўжо пабачылі пад уладай бандфармаваньняў. Яны з жахам чакаюць, што будзе далей. Карцінка з плошчы разьлічана на павярхоўнае ўспрыняцьце і адсутнасьць элемэнтарнага аналізу.

Гэта ведаюць і ў Маскве. Яны ведаюць, што праект “усенароднага паўстаньня супраць кіеўскай хунты” праваліўся. Жыхары Данецкай і Луганскай вобласьцяў маўчаць і імкнуцца перачакаць ваенную завіруху, што абрынулася на іхныя рэгіёны з Расеі. Мяркуем, што менавіта з гэтым фактам зьвязана тое, што Масква не рашылася кінуць сваю армію ў атаку на Украіну да 25 траўня, дня прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта ня значыць, што Крэмль адмовіўся ад інвазіі, змаганьне за Украіну працягваецца. Але ў пуціністаў застаецца ўсё менш шансаў на пасьпяховую хаця б на першым этапе атаку.

Ян Булыга