Крымска-татарскі народ мае патрэбу ў міжнароднай дапамозе

26 мая 2014 г.

Навіны

*(Заява) *

70 гадоў таму, 18 траўня 1944 года, адбылася найвялікшая трагедыя ў гісторыі крымска-татарскага народу. На загад сталінскага Палітбюро увесь крымска-татарскі народ ад немаўлят да старых быў абвешчаны “ворагам народу”. Войскі НКВД уварваліся ў дамы крымскіх татараў, загналі сотні тысячаў людзей у быдлячыя вагоны і выправілі у высылку на чужыну: у Сярэднюю Азію і ГУЛАГ. Падчас масавага высяленьня і ў нечалавечых умовах на месцах высылкі загінулі дзесяткі тысячаў ні ў чым непавінных людзей. Гэта быў генацыд, дзеяньні на вынішчэньне народу. Усё гэта адбывалася ў той самы час, калі тысячы крымска-татарскіх мужчын гераічна ваявалі на фронце супраць нямецкага фашызму.

На працягу дзесяцігоддзяў несправядлівага пакараньня народ ў цяжкіх абставінах захоўваў сваю родную мову, сваю культуру і марыў аб вяртаньні на радзіму. У 1956 годзе савецкія ўлады дазволілі вярнуцца на радзіму іншым рэпрэсаваным народам, але нягледзячы на крывадушную крамлёўскую рэабілітацыю, Масква адмовіла ў гэтым праве крымска-татарскаму народу. На землях Крыму, у дамах татараў былі ўжо заселеныя расейцы, прышлыя і чужыя людзі з Расеі.

Крымскія татары распачалі змаганьне за права жыць на сваёй радзіме. Гэбоўскія рэпрэсіі, карніцкая псіхіятрыя, зьдзекі і забойствы не запалохалі народ і яго эліту. Крымскія татары абралі шлях негвалтоўнага змаганьня і пасьлядоўна ішлі па ім да сваёй мэты. З канца 1980-х гадоў тысячы сем’яў, нягледзячы на супраціў уладаў і чужаніцаў, вярнуліся ў Крым і пасяліліся там, пачалі наладжваць сваё жыцьцё. Але настаў новы этап маскоўскай імпэрскай агрэсіі, цяпер пад рэваншыскім лёзунгам аднаўленьня хімеры “Русского мира”. Расейскія войскі зноў захапілі Крым, вобласьць Украіны – родную зямлю крымска-татарскага народу. Крамлёўска-лубянская акупацыйная адміністрацыя адразу распачала рэпрэсіі і кампанію запалохваньня: выкраданьні, катаваньні і забойствы людзей, ператрусы ў дамах, забарона вярнуцца ў Крым лідэру народа Мустафе Джэмілёву. Жыцьцё народу зноў пад пагрозай.

Мы выказваем рашучы пратэст супраць акупацыі Крыму расейскімі войскамі і ламаньня нацыянальных і чалавечых правоў крымска-татарскага народу. З самага пачатку канфлікту крымскія татары заявілі аб сваёй лаяльнасьці да Украінскай дзяржавы і сталі на абарону дзяржаўнай тэрыторыі. Ня іхная віна ў тым, што Крым, фактычна, быў здадзены і акупаваны.

Мы лічым, што паўзучая акупацыя Украіны павінна быць спынена і правы крымска-татарскага народу адноўленыя. Мы зьвяртаемся да ўсіх людзей добрай волі ў сьвеце дапамагчы крымска-татарскаму народу ў захаваньні і вяртаньні ім іхных народных і чалавечых правоў на сваёй роднай зямлі, якая гістарычна належыць ім і абаронена міжнароднымі дамовамі і пагадненьнямі аб правах карэнных народаў. Крымска-татарскі народ павінен годна жыць на сваёй роднай зямлі.

Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

Менск

25 траўня 2014 г.