Прыхапілі чарговага “русафіла”

20 мая 2014 г.

Навіны

16 траўня славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Эўрадэпутата ад руху Jobbik абвінавачваюць у шпіянажы на Расею”. Вось гэты артыкул:

Бэла Ковач сустракаўся з расейскімі дыпламатамі і адобрыў рэфэрэндум у Крыме. Ёсьць патрабаваньні пазбавіць яго імунітэта.

Будапэшт. Угорская пракуратура зрабіла запыт у Эўрапарлямант аб пазбаўленьні імунітэту дэпутата ад крайне правага руху Jobbik Бэлы Ковача.

Прычынай ёсьць падазрэньні, што ён працуе ў якасьці расейскага шпіёна, інфармавала ў чацьвер газэта “Magyar Nemzet”.

Пракуратура мае выразныя доказы таго, што Ковач займаўся шпіянажам у эўрапейскіх інстытуцыях на карысьць Масквы. Эўрадэпутат усе абвінавачваньні рэзка абвяргае.

“Я ніколі ня быў членам вугорскай або якой іншай замежнай сакрэтнай службы. Ніколі на іх не працаваў і ніколі яны са мной не кантактавалі”, сказаў Ковач на прэс-канфэрэнцыі ў Будапэшце.

Паводле “Magyar Nemzet”, вугорскія разьведвальныя службы пачалі займацца палітыкам пасьля таго, як ён правёў шмат сустрэчаў “канспірацыйнага характару” з расейскімі дыпляматамі.

Ковач нядаўна быў членам дэлегацыі эўрадэпутатаў, якая назірала ў Крыме за ходам рэфэрэндума аб абвяшчэньні незалежнасьці ад Украіны.

Сябра руху Jobbik пры гэтым спрэчнае ўсенароднае галасаваньне ацаніў як легітымнае.

Пераклаў з славацкай Валеры Буйвал

Крыніца: http://www.sme.sk/c/7204629/europoslanca-jobbiku-vinia-zo-spionaze-pre-rusko.html

Гэты Jobbik узьнік усяго некалькі гадоў таму, адразу пасьля таго, як ляснуў рэжым верных Маскве камсамольцаў Дзюрчаня. Як кажуць падлеткі, рух адразу пачаў “паказваць сваю круцізну”: шэсьці пад агрэсіўнымі лёзунгамі, патрабаваньні аднаўленьня “вялікай Вугоршчыны ад мора да мора”, антысэміцкія, антыславацкія, антырумынскія заклікі. І вось аказалася, што “крутыя” пры ўсім пры гэтым яркія “русафілы” (ну хаця б некага любяць пасярод сваіх фобій). Цяпер высьвятляецца з чыіх рук карміліся гэтыя “резкіе парні”. Зразумела, што Масква зацікаўлена ў дэстабілізацыі эўрапейскіх краін.

Янка Базыль