Набліжаецца 18 траўня, Дзень памяці аб ахвярах крымскататарскага народу. 70 гадоў таму, 18 траўня 1944 г. войскі НКВД на загад сталінскага Палітбюро распачалі пагалоўную дэпартацыю крымска-татарскага народу з роднай зямлі ў Сярэднюю Азію і іншыя рэгіёны імпэрыі. Падчас і ў выніку гэтай злачыннай апэрацыі загінулі дзесяткі тысячаў людзей. У той самы час тысячы крымска-татарскіх мужчын мужна ваявалі на франтах супраць нацызма. Яны былі арыштаваныя СМЕРШам 9 траўня 1945 г. і таксама высланыя на чужыну. Нягледзячы на рэабілітацыю 1956 года крымскія татары не атрымалі дазволу на вяртаньне на радзіму, дзе ўжо на іхных землях і ў іхных дамах існавалі прысланыя туды расейцы. На працягу дзесяцігоддзяў крымскія татары дамагаліся вяртаньня на радзіму. Яны абралі шлях негвалтоўнага супраціву. З 1990 года ім удалося прарваць фактычную блакаду і 300 тысячаў татараў пасяліліся на сваіх землях. Але дзікая маскоўская імпэрыя зноў захапіла Крым. Прыкрываючыся фальшывымі гуманнымі дэклярацыямі, Крэмль бярэ курс на канфрантацыю з крымска-татарскім народам і пагражае яго існаваньню на роднай зямлі. На 18 траўня сёлета крымскія татары заплянавалі вялікія мэмарыяльныя мерапрыемствы на Дзень Памяці. Маскоўскія акупанты запанікавалі і распачалі кампанію запалохваньня і перасьледу патрыётаў. ФСБ праводзіць ператрусы ў дамах лідэраў Мэджліса крымска-татарскага народу. Яны ўламіліся нават у дом Мустафы Джэмілёва, лідэра народу, якога акупанты незаконна не пускаюць на тэрыторыю Крыма.
Пра гэтыя падзеі распавёў кіраўнік камісіі па замежных сувязях Мэджліса Алі Хамзін, адзін з вэтэранаў негвалтоўнага супраціву. У ягоны дом таксама ўварвалася ФСБ.
Валеры Буйвал
(Паводле ўкраінскай рэдакцымі Радыё Свабода)