Лепяць “герояў” з падручнага матар’ялу

16 мая 2014 г.

Навіны

У “дэмСМІ” разгортваецца чарговая “гераічная сага”. Галоўнай падаецца хакейная тэма і затрыманьні пэўных дзеячаў псэўдаапазыцыі на яе фоне. Адчуваецца, што некаму хацелася б, каб менавіта гэтая тэма, а не сапраўдная драма ў суседняй Украіне, вызначала б думкі беларусаў. У штучную тэму падключылі нават падзабытых пэрсанажаў з замежжа, якія на працягу гадоў абслугоўваюць псэўдаў РБ і маюць зь імі агульны гэшэфт.

7 траўня ў менскім аэрапорце быў затрыманы ў транзітнай зале такі Марцін Угла, “швэдзкі праваабаронец”. Ён прыляцеў у нашую сталіцу з квітком на хакей, а яго спынілі. Белрэдакцыя Радыё Свабода ва ўласьцівым ёй стылю так распавяла пра падзею, што дагэтуль не зразумела: дык упусьцілі швэда ў Беларусь хакей паглядзець ці не. Але справа ня ў тым. А ў тым, што патрыётам памятны гэты швэд. М. Угла колькі год таму абвясьціў праз “дэмСМІ РБ” пра сваю “Цstgruppen” (“Усходнюю групу”) і заклікаў пасылаць яму інфармацыю зь Беларусі. Патрыёты-фронтаўцы па наіўнай даверлівасьці паслалі яму некалькі паведамленьняў пра зьнішчэньне беларускай культуры, мовы і школьніцтва прамаскоўскім рэжымам. “Усхгрупа” ня толькі не распаўсюдзіла гэтыя матар’ялы, але нават не адказала патрыётам. Стала зразумела, што “група Углы” працуе на іншай хвалі. Пазьней мы даведаліся, што партнёрам яе зьяўляецца вядомая “Вясна” з А. Бяляцкім – усё стала канчаткова зразумела.

Калі ў лютым 2012 г. у Віцебску адбывалася рэжымнае судзілішча над Сяргеям Каваленкам, Чалавекам Сьцяга, мы са зьдзіўленьнем убачылі, што на сайце “групы Углы” няма ніводнага слова пра гэтую драматычную падзею, а ёсьць ўсялякая стракатая драбяза. Яму напісалі і паведамілі, што калі ягоная “група” будзе працягваць падманваць скандынаўскую грамадзкасьць, то мы абвесьцім яго на ўвесь гэты рэгіён пэрсонай нон-грата ў Беларусі. Гэты Угла пару дзён пакрыўляўся (нават адпісаў з іроніяй), але ўрэшце падаў першую зьвестку пра судзілішча ў Віцебску. Высьветлілася, што камандуе “групай” зусім і не швэд Угла, а гастралёры зь “Вясны” (Стэфановіч і іншыя), а дакладней тыя, хто стаіць за гастралёрамі. Якраз яны рабілі ўсё, каб скандынаўская грамадзкасьць нічога не даведалася пра драму С. Каваленкі.

І вось цяпер гэты падмочаны швэд прарываецца на хакей. Хакей яго зацікавіў. Як усё гэта абрыдла!

Ян Булыга