- (08.05 – 10.05.2014)*
Інфармацыйная камэдыя
8 траўня 2014 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” апублікавала артыкул, прысьвечаны сучаснай Беларусі. Лукашэнку назвала апошнім дыктатарам Эўропы. А. Лагвінца з “За свабоду” абрала сабе за камэнтатара падзеяў. А. Бяляцкага назвала самым выдатным абаронцам правоў чалавека ў краіне. Напісала, што Лукашэнка не падтрымаў дзеяньні Расеі ва Украіне і гэтым даказаў, што “умее быць самастойным”.
Наш камэнтар: Адным словам, салідная газэта паўтарыла ў стотысячны раз тое, што кляпаюць сваім грамадзтвам праз СМІ заходнія палітыкі, журналісты, аналітыкі і падобнае. Нават не паведамляючы дыктатару Масква прыслала і шле свае ваенныя самалёты ў нашую краіну, рыхтуючы напад на Украіну, а эўрапейскія СМІ дундзяць пра нейкую “самастойнасьць Лукашэнкі”. Так ніхто ў нашай драме і не разабраўся. Ды й разьбірацца ня хоча. Але якая нам справа да іх да ўсіх. Галоўнае, каб мы – беларусы – разабраліся ў гэтым.
Алесь Хадасевіч
Тара-бара пачалося
8 траўня 2014 г. славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Лукашэнка: Хакей – гэта бой”. Газэта цытуе выказваньні дыктатара. Робіць таксама такія ацэнкі яму: “Чэмпіянат ёсьць перад усім ягоным боем – боем за рэпутацыю жорсткага, можа дэспатычнага і левага, але здольнага чалавека”.
Наш камэнтар: Словаў не хапае. Начытаемся мы ўсялякай журналісцкай тарабаршчыны у гэты пэрыяд. Вельмі трапна гэты газэтны стыль высьмейвалі Ільф зь Пятровым…
Алесь Хадасевіч
Вось яно што…
9 траўня 2014 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” апублікавала артыкул пад тытулам “Малыя выкрадальнікі вялікай Перамогі”. У прэамбуле артыкула напісана: “Як штогод сёньняў Маскве з ваеннай помпай будзе адзначацца перамога над нацыстоўскай Нямеччынай у 1945 годзе. Пры гэтым дзяржаўна вызначаны гераізм вакол “Вялікай Айчыннай Вайны” становіцца ўсё больш цынічным і маніпуляваным. Пакуты, але таксама й перажытае жаўнерамі не цікавяць уладу трымаючых”.
Наш камэнтар: Чытаеш і думаеш: няўжо і да санлівых, вечна нэўтральных швайцарцаў у Цурыху гэта дайшло. А потым бачыш, што артыкул напісаў Барыс Шумацкі з Масквы, які даўно жыве ў Мюнхэне…
Алесь Хадасевіч
Загінуў жаўнер
9 траўня 2014 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала з Францыі. Міністар абароны Францыі паведаміў, што на Корсіцы загінуў сяржант Замежнага легіёна французкай арміі. Імя сяржанта міністар не паведаміў, але сказаў, што загіблы меў славацкае грамадзянства.
Наш камэнтар: У цывілізаваных краінах журналісты паведамляюць грамадзтву пра лёсы суайчыньнікаў за мяжой. Гэта даўняя норма. Журналістыка і ўлады ў Беларусі ніколі ня мелі “такога комплексу”. Гэта таксама іхняя норма, для іх суайчыньнікі толькі Расея.
Юрка Марозаў
“Імпэрскае мурло”
10 траўня 2014 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” напісала, як самалёт з крамлёўскім дзеячам Рагозіным не пусьцілі ў паветраную прастору Румыніі. Рагозін вяртаўся ў Маскву пасьля візыта ў Прыднястроўе. Ён заявіў румынам, што “наступны раз прыляціць да іх на бамбавіку”.
Наш камэнтар: Цяпер і румынам нагадалі, што такое Масква і яе імпэрскае мурло.
Юрка Марозаў
Сьвішчуць
10 траўня 2014 г. бэльгійская газэта “De Standaard” паведаміла пра заканчэньне конкурсу “Эўрабачаньня”. На працягу конкурса гледачы ў зале сустракалі сьвістам кожную згадку пра Расею.
Наш камэнтар: Так было пасьля інвазіі Масквы ў Чэхаславаччыну ў 1968 г. і падчас Аўганскай вайны 1979-89 гг. Масква ў чарговы раз робіць выгляд, што нічога не адбываецца.
Алесь Хадасевіч