Мяцеж супраць рэвалюцыі

8 мая 2014 г.

Навіны

Усход Украіны ахоплены ўзброеным рашысцка-фашыстоўскім мяцяжом. Тэрор супраць апанэнтаў, разгоны арматурай іхных мітынгаў і шэсьцяў, захоп закладнікаў, перасьлед СМІ, пагромы – ўсё гэта не пакідае сумневу ў тым, якія парадкі ўсталююць гэтыя людзі, калі ім удасца замацавацца ва ўладзе. Гэта будуць фашыстоўскія парадкі. І невыпадкова начале руху часьцяком апынаюцца актывісты расейскіх нэафашыстоўскіх арганізацый кшталту РНЕ.

Мяцежнікаў называюць сэпаратыстамі, а крамлёўская прапаганда прыдумала для іх назоў “прыхільнікі фэдэралізацыі Украіны”. І тое, і другое – падманкі, містыфікацыі. Мяцежнікі змагаюцца не за аўтаномію і нават не за незалежную рэспубліку. Нават уваходжаньне ў склад Расеі некалькіх усходніх вобласьцяў не зьяўляецца іхнай канчатковай мэтай. У лепшым выпадку – прамежкавай праграмай-мінімум, калі адразу не атрымаецца большага.

Сапраўдная мэта мяцежнікаў – зьвяржэньне ўлады ў Кіеве і зьнішчэньне ўкраінскай дзяржавы. Нездарма яны так шалёна топчуць яе сымвалы. Мяцежнікі паўсталі не дзеля абароны сваёй нацыянальнай тоеснасьці, якой ніхто не пагражаў. Яны паўсталі дзеля вяртаньня імпэрыі, у якой нікчэмнасьць і безабароннасьць маленькага чалавека перад уладай кампэнсуецца пачуцьцем прыналежнасьці да “старэйшага народу”, які валадарыць “малодшымі братамі”. Менавіта гэта і ёсьць іхны “русскій мір”. Для іх прыхільнікі арыентаванай на Эўропу Украіны – сэпаратысты, якія адпалі ад імпэрыі. Якія здрадзілі ёй і перабеглі на бок геапалітычнага ворага. Рашысцка-фашыстоўскія мяцежнікі (па-простаму “каларады”) хочуць вярнуць “здраднікаў” у імпэрыю або зьнішчыць іх.

Рашысцкія мяцежнікі паўсталі за вяртаньне ня проста імпэрыі, а таталітарнай імпэрыі, савецкай імпэрыі. За вяртаньне радасьці ад усенародных першамайскіх шэсьцяў, калі кожнае прадпрыемства ішло начале з сваімі перадавікамі вытворчасьці, а тыя, каго удзел ва ўсенародным шэсьці ня радаваў, не наважваліся пра гэта заікнуцца. Радасьці ад уласнага растварэньня ў калектыве і яшчэ большай радасьці ад вымушэньня да гэтага растварэньня тых, хто не жадае растварацца дабраахвотна. Рашысцкія мяцежнікі паўсталі за вяртаньне “савецкага ўзору жыцьця” з усімі яго вабнотамі – ад ідэалагічнай цэнзуры да разбора сямейнай цяганіны на партсходах. Данецкая Вандэя – гэта паўстаньне саўка. Народу Расеі яна нясе тую ж пагрозу, што й народу Украіны: пагрозу таталітарнай рэстаўрацыі.

Савок, праўда, ня можа быць рэстаўраваным без вядомых мадыфікацый. Ніхто з каларадаў-рашыстаў ня думае адмяняць прыватную ўласнасьць на сродкі вытворчасьці. Многія іхныя лідэры – пасьпяховыя бізнэсоўцы, цудоўна адаптаваныя да сучаснага крымінальнага капіталізма. У русском міре, аб якім мараць рашысты, “нацыянальна арыентаваны капітал” сальецца з “працоўнымі” у экстазе ўсенароднага першамайскага шэсьця, як ён у свой час зьліўся зь імі ў “Нямецкім працоўным фронце”. Той таксама праводзіў першамайскія шэсьці – у афіцыйна ўстаноўлены “Нацыянальны дзень працы”.

У рашысцкай ідэалогіі тэма “правоў працоўных” даўно выцесьнена разважаньнямі аб здольнасьці рускага народа бязьмежна цярпець хамства і несправядлівасьць з боку сваёй кіруючай эліты як яго галоўнай канкурэнтнай перавагай у барацьбе з сваім галоўным геапалітычным супернікам – “выклятым Захадам”. Прычым Захад разглядаецца ня проста як геапаліытчны супернік, а як носьбіт шкодных ідэй індывідуалізма і правоў чалавека, распаўсюджваньне якіх пагражае пазбавіць “русскій мір” яго галоўнай канкурэнтнай перавагі.

Выклікаюць спачуваньне адчайныя спробы ўкраінскага часовага ўраду пазьбегнуць самага страшнага: шырокамаштабнай грамадзянскай вайны ў сваёй краіне з амаль непазьбежнай наступнай расейскай інтэрвэнцыяй. Выклікаюць спачуваньне яго спробы пазьбегнуць ужываньня сілы ў адносінах да часткі сваіх жа грамадзян, хаця яны і ўзброеныя мяцежнікі. Сьвет ніколі не забудзецца, як цяперашнія кіеўскія ўлады спрабавалі любым коштам пазьбегнуць крыві. Але з рашысцкімі мяцежнікамі ўжо ня ўдасца “разысьціся краямі”. Таму што яны адчулі, што на іх зрабіў стаўку пуцінскі рэжым. І цяпер яны ўпэўнены, што за імі сіла. Яны ўпэўнены, што, цяпер усё, што яны захочуць, яны здолеюць узяць сілай. Яны ня будуць дамаўляцца аб кампрамісах. Зь імі ўсяроўна рана ці позна прыйдзецца ваяваць.

Як гэта ні цяжка, але рана ці позна прыйдзецца ўсьведаміць некалькі вельмі цяжкіх рэчаў. Напрыклад, што, калі ўзброены натоўп штурмуе будынак упраўленьня МУС, каб адбіць сваіх захопленых баевікоў, улады маюць поўнае і абсалютна законнае права ўжываць супраць гэтага натоўпу зброю. І калі ў кіеўскага часовага ўраду не хапае для гэтага канстытуцыйных інструмэнтаў, таму што афіцыйныя сілавыя структуры, якія засталіся ад мінулага рэжыму, наводненыя здраднікамі і баязьліўцамі, гэта значыць, што гэты ўрад павінен пакарыстацца інструмэнтамі рэвалюцыйнымі. Гэта значыць, што ён павінен ствараць новую армію і іншыя сілавыя структуры, пабудаваныя хаця б часткова на прынцыпах народнага апалчэньня і здольныя разабрацца з усімі гэтымі самазванымі “народнымі мэрамі” і “народнымі губэрнатарамі”. Рашысцкая Вандэя павінна быць здушана.

Аляксандр Скобаў

5.05.2014

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://grani.ru/opinion/skobov/m.228701.html

Аляксандр Скобаў – расейскі публіцыст і аналітык.