Антыбеларуская правакацыя

3 мая 2014 г.

Навіны

30 красавіка ў Менску былі заўважаныя бадзёрыя мужчыны, якія прыставалі ў асноўным да жанчын і пажылых людзей на вуліцы, у крамах і грамадзкім транспарце. Свае маналогі “бадзёрыя” рабілі з перакошанымі нянавісьцю фізіяноміямі і толькі тады, калі вакол не было іншых людзей. Выказвалі наступнае: “Вас москалей убивать надо. Пора браться за вас!..” Пры гэтым яны ў пашпарт сваіх ахвяраў не зазіралі. Дасталося ад іх беларусам і беларускам, а таксама габрэям, украінцам і рускім, якія жывуць у нашай сталіцы. Гэтыя напады рабіліся без дай прычыны, “проста так”. Ахвяры гэтых нападаў у шоку і пераказваюць перажытае сваім сябрам і знаёмым.

Зразумела, якая кантора і зь якой нагоды разгортвае сваю чарговую правакацыю з мэтай дэстабілізацыі грамадзтва. Кантора спадзяецца, што людзі пачнуць абвінавачваць у агрэсіі і распальваньні міжнацыянальнай нянавісьці беларускіх патрыётаў-фронтаўцаў. За дзесяцігоддзі панаваньня гэбізму ў Беларусі такое адбывалася ня раз. Антыбеларускія сілы спрабавалі распаліць нянавісьць да палякаў і летувісаў, палохалі габрэйскімі пагромамі. Усе гэтыя спробы ганебна правальваліся. Праваліцца й цяперашняя правакацыя “против русских”.

Усе павінны ведаць і разумець, што нармальны беларус ніколі не стане кідацца на людзей і казаць такое нармальнаму рускаму (мясцоваму ці прыезжаму) або каму яшчэ. Трэба фатаграфаваць гэтых правакатараў, выклікаць міліцыю, высьвятляць іхныя імёны і асобы, трэба даваць ім адлуп. Ганебная антыбеларуская правакацыя павінна праваліцца.

Янка Базыль