Байкот расейскіх тавараў на Украіне

10 апреля 2014 г.

Навіны

Грамадзяне Украіны падхопліваюць ініцыятыву байкатаваньня расейскіх тавараў з прычыны агрэсіі Расеі супраць нашай краіны і “абрасейшчваньня” Крыма.

Адпаведныя заклікі і зьвесткі пра зробленае ў гэтым накірунку пашыраюць украінцы ў сацсетках.

У Львове ўжо амаль месяц удзельнікі грамадзкай ініцыятывы “Байкот расейскіх тавараў” пашыраюць улёткі зь пералікам расейскіх брэндаў і заклікаюць людзей не купляць расейскія тавары, каб фінансава не падтрымліваць акупантаў, перадае “Радіо Свобода”.

Штрых-коды “46” львавяне ўжо ведаюць і ўважліва разглядаюць той ці іншы тавар, а шмат хто на закупах мае з сабою ўлётку зь пералікам расейскіх гандлёвых брэндаў. Людзі цікавяцца ня толькі штрых-кодам, але й краінай-вытворцай, бо тавары расейскай вытворчасьці могуць хавацца пад рознымі кодамі, у прыватнасьці й украінскім.

Некаторыя купляюць нават тавар горшай якасьці, абы толькі не расейскі.

Паводле ацэнак спэцыялістаў, у Львове за амаль месяц акцыі продаж расейскіх тавараў упаў на 40-50%.

Грамадзкая ініцыятыва аб’яднала звыш за 5 тысячаў людзей, галоўнай мэтай якіх зьяўляецца інфармаваньне насельніцтва, заявіў адзін з каардынатараў ініцыятыўнай групы Алег Радык.

“Людзі недаацэньвалі, колькі расейскага ў нас прадаецца, нават падумаць не маглі. Мы друкуем улёткі за ўласныя кошты, папрасілі іх у нас з Лісічанска і туды перадамо”, — сказаў ён.

“Нас непакоіць тое, што фірмы “Нэскафэ” і “Нэстле” купляюць сыравіну ў Расеі, хаця побач ёсьць Польшча. Мы зьвярнуліся з лістамі ў гэтыя кампаніі. Цяжка працаваць з аптэкамі і вялікімі супэрмаркэтамі, апошнія ня ведаюць, хто ёсьць уласьнікам. Бо гэта ўсё на афшорах”, — зазначыў Радык.

“Шмат расейскіх тавараў каля касаў, за гэта гандлёвая сетка дадаткова плаціць супэрмаркэту. У Львове задача адна – тут не павінна быць расейскіх тавараў, але чым далей ва ўсходнія вобласьці Украіны, тым гэта будзе больш праблематычна”, — заяўляе ён.

Актывісты плануюць патрабаваць ад львоўскай улады адмовіцца ад намеру супрацоўніцтва з расейскім пашукавіком “Яндэкс-Україна”.

Не засталіся па-за ўвагай і банкаўскія ўстановы. Актывісты наклейваюць на памяшканьнях “Сбербанка Россіі” у Львове улёткі “Банк акупанта. Ніякіх укладаў ворагу!”

“Зразумела, што налепкі больш за 20-30 хвілінаў не вісяць, іх адразу зьдзіраюць. Але людзі забіраюць свае ўклады”, — распавёў адзін з актывістаў Андрій Ражнятоўскі і дадаў: “Нашая акцыя мірная, мы толькі інфармуем”.

Актывісты не дапускаюць правакацый і марадзёрства.

4.04.2014

Пераклад з украінскай.

Крыніца: газэта “Украінська правда” http://www.pravda.com.ua/news/2014/04/4/7021364/?attempt=1