“Выпускающий милицейской газеты “На страже Октября” С. Дубавец ашчасьлівіў нас чарговым сваім опусам, гэтым разам з вобласьці “філасофіі гісторыі”. 7 сакавіка на старонцы радыё “Свабода” зьявіўся ягоны тэкст пад назовам “Чаму разышліся Данецк з Майданам”. Усё пачынаецца з фота, на якім у звужаных рамках кампазыцыі бачны шматгаловы мітынг пад расейскімі трыкалёрамі, чырвонымі сьцягамі і русскоязычным лёзунгам “В России наши братья. В Европе мы рабы”. Потым аўтар задае шэраг рытарычных пытаньняў і выразна намякае, што “у Данецку на мітынгу лепш гаварыць па-расейску, за ўкраінскую можна атрымаць”. Тут ён адступіў ад аб’ектыўнай рэчаіснасьці першы раз.
“Русскоязычные” мітынгі, антыўкраінскія пагромы і штурмы будынкаў дзяржадміністрацыі, напады на ўкраінскія асяродкі нідзе на Усходзе Украіны не былі масавай зьявай. Пра гэта аўтар чамусьці маўчыць. І ў Луганску, і ў Данецку, і ў Харкаве і ў іншых месцах “за Россію, за Путіна!” зьбіралася ня больш за 2,5 тысячы асобаў у гарадах з сотнямі тысячаў насельнікаў. У тых жа гарадах масавыя выступы за Украіну, супраць расейскай інвазіі зьбіралі значна больш людзей, у тым ліку і шмат рускамоўных грамадзян Украіны. Усе, акрамя аўтара, ужо зразумелі, што брутальныя, крыклівыя, а дзе-нідзе крывавыя правакацыі супраць Украіны арганізовала і арганізоўвае маскоўская агентура, такзваныя “турысты”, імпартаваныя з РФ, і падобныя спэцы. За Украіну людзі зьбіраюцца зусім з іншай матывацыяй. Абсалютная бальшыня насельніцтва на Усходзе сядзіць па хатах і супраць Украіны не выступае, у Расею ня рвецца.
А далей аўтар пачынае параўноўваць мінулае з цяпершчынай. Ён цытуе класіку (самога сябе). Працытуем і мы гэтае нарцысавае цытаваньне:
“Тады, дваццаць гадоў таму, пасьля першай хвалі распаду, я надрукаваў у газэце «Свабода» артыкул «Герой нашага часу. Беларуская ідэя як ідэя лепшага чалавека», дзе параўноўваў нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі і ў краінах Балтыі. Інакш кажучы, там, дзе «не пайшло» і там, дзе «пайшло». Вось цытата:
“З развалам саюзу рухнула і агульная сыстэма выхаваньня, а разам зь ёй – і той маналітны расейскі стэрэатып (героя нашага часу. – С.Д.). Сэнсам нацыянальнага адраджэньня народаў стала сьцьверджаньне свайго новага стэрэатыпу прыстойнага чалавека. І, відаць, толькі ў Беларусі гэты сэнс абмежаваўся фармальным бокам – атрыбутыкай незалежнасьці”. Інакш кажучы, калі мікраскопам забіваеш цьвік, калі мову ставіш на першым рубяжы абароны, увесь канфлікт факусуецца на мове і пераходзіць у плоскасьць, дзе няма выбару. Бо мова ці каўбаса (а ў нас так было) – гэта ня выбар. (…)
“Цяжка ўявіць сабе, каб недзе ў Эстоніі і Латвіі – пры ўсёй іх дэмаграфічнай драме, калі палову насельніцтва складаюць савецкія людзі (прывет Данецку! – С.Д.), каб там ставілі мэтай мову, сьцяг і герб. Усё гэта было, але толькі як форма. Мэтай жа там ставілі сьцьвердзіць нацыянальны стэрэатып прыстойнасьці і прывесьці да ўлады прыстойных людзей”. (Канец цытаваньня цытаваньня).
Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/25289609.html
Цытуючы “класіку” (вельмі падобную, дарэчы, на вечнае ныцьцё супраць мовы “госпожі”Алексіевіч), аўтар канчаткова апусьціўся да банальнай (але вырабленай пад схаластыку – “мова ці кілбаса”) маны. Ён маніць перш за ўсё маладым людзям, якія не жылі ў тыя гады: 1988-1991. Ён маніць, як маскоўская гэбельсаўшчына, у разьліку на тое, што маладыя не разьбяруцца. З-за гэтай маны тырчаць разлапістыя вядомыя вушы і пасыл “здушэньня волі да супраціву”.
Юнакі і дзяўчаты, спытайце ў старэйшых патрыётаў-фронтаўцаў, удзельнікаў падзей 1988-91 гадоў. Многія з нас пабылі тады ва Украіне, у Грузіі, балтыйскіх рэспубліках, паглядзелі на падзеі, пачулі людзей. Змаглі параўнаць. Зьвяганьне аб тым, што там нацыянальнае адраджэньне “пайшло”, а ў нас “не пайшло” – фальшывы гук пабочнага назіральніка. Тое, што аўтар называе “фармальным бокам”, дасталося нашаму народу ў змаганьні і ў выніку фронтаўскай перамогі – свая дзяржава Беларусь. І нацыянальнае Адраджэньне ўмацавалася так, што дагэтуль маскоўская вайна супраць нашай культуры ня здольнае зламаць духоўную моц нашай нацыі.
Тандэтная “схаластыка” аб тым, што для прыбалтаў і іншых важнымі былі не нацыянальная сымволіка (сьвяшчэнныя знакі нацыянальнай еднасьці і дзяржаўнай ідэі), не родная мова (душа нацыі), а нейкі “нацыянальны стэрэатып прыстойнасьці” – поўная лухта (да якой трэба ж было яшчэ дадумацца). Спытайце пра гэта ў маладых і старэйшых летувісаў, латышоў, эстонцаў і г.д.
Беларусы, ганіце ад сябе навязьлівых і самазамілаваных “інтэлектуальных цітушак”!
Валеры Буйвал