Баяцца Сяргея Каваленкі – Чалавека Сьцяга альбо блюзьнерства чорнай прапаганды

10 марта 2014 г.

Навіны

Калі два гады таму адбывалася дзікае судзілішча ў Віцебску над Сяргеем Каваленкам, раскрылася шмат што і шмат хто. Героя-фронтаўца, паплечніка Зянона Пазьняка падтрымалі тады людзі ў Беларусі і ў многіх іншых краінах. Дзякуючы намаганьням грамадзкасьці ўрэшце ўдалося дамагчыся вызваленьня С. Каваленкі з турмы і вяртаньня яго ў сям’ю. Мы добра памятаем, як паводзілі тады сябе некаторыя асобы і структуры. Як Amnesty International з падачы менскай “праваабарончай” структуркі “Вясна” заявіла, што С. Каваленка не зьяўляецца вязьнем сумленьня, бо, маўляў, “біўся зь міліцыяй” (гэта былі афіцыйныя фальшывыя абвінавачваньні акупацыйнага суда). Як “белрэдакцыя” Радыё Свабода публікавала ганебныя застаўкі з карыкатурным патрэтам героя Каваленкі ў кантрасьце з партрэтам фінансавага круцеля А. Бяляцкага, усяго “такого положітельного”. Як раскрыўся падстаўны віцебскі “дысідэнт” Б. Хамайда, які выступіў з фальшывымі словамі на тэму працэса над Каваленкам. Адным з кур’ёзных эпізодаў той справы была рэклама, наладжаная “дэмСМІ РБ” нейкаму тыпчыку з лябедзькаўскай АГП, які махаў Бел-Чырвона-Белым Сьцягам у спальным раёне сталіцы Уруччы. Тыпчыка захоплівала міліцыя, яго судзілі, а рэдакцыі выстаўлялі перад публікай фотаздымкі тыпчыка: як ён рве на сябе кашулю, а на целе ў яго наколка – выява Пагоні і г.д. Пра гэтага тыпчыка з антыбеларускай АГП, які “насіў наколку за Каваленку”, мы больш нічога ня чулі і нідзе яго ня бачылі. Працэс над Каваленкам – гэта ўжо гісторыя. Людзі запомнілі былі, як Зянон Пазьняк назваў нашага нацыянальнага героя Чалавекам Сьцяга.

І вось з пачаткам сёлетнега лютага тэма патрапіла ў рэанімацыю. “ДэмСМІ РБ” зноў ўзяліся за сюжэт з Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, пачалі друкаваць фотапартрэты і інтэрв’ю нейкай асобы, якая ніколі ня ўдзельнічала ў беларускіх палітычных або культурніцкіх мепарыемствах. А тут яна (гэтая асоба) схадзіла на сядзібу псэўда-БНФ (Партыі Галіхвэ), там ёй (асобе) далі сьцяг і яна (асоба) вывесіла яго на сваім балконе. Адбыўся канфлікт зь міліцыяй, фатаграфаваньне, суды, зноў інтэрв’ю. Потым яна (гэтая асоба) вывешвала на сваім балконе сьцяг Швэцыі (у Расеі такое называецца “чудіть”) і зноў пра яе (асобу) пісалі “дэмСМІ”. І вось урэшце 5 сакавіка “белрэдакцыя” РС назвала яе (асобу) Чалавекам Сьцяга.

Трэба прызнаць у рэтраспэктыве, што рэкламныя нумары з тыпчыкам і наколкай былі значна больш эфэктнымі. Цяперашні дэзынфармацыйны фінт з Чалавекам-на-балконе выглядае зусім недарэчна і кур’ёзна. Усё шыта белымі ніткамі. Адбываецца элемэнтарная падмена паняцьцяў і проста жульніцкая маніпуляцыя. Тым, хто стаіць за дзеячамі “дэмСМІ”, вельмі важна, каб грамадзтва забылася пра героя Сяргея Каваленку, пра шматаблічнага Мірона. Замест гэтага нам падсоўваюць няўклюдна спрэпараваную фальшыўку. Навошта яны гэта робяць? Адказ просты: яны баяцца легенды, пазыцыі і асобы Сяргея Каваленкі, баяцца праўды, баяцца чалавечай і народнай памяці. Баяцца, што сапраўдныя патрыёты будуць паўтараць подзьвіг Каваленкі. І, зразумела, што яны баяцца нашага сьвятога Сьцяга. Украінская рэвалюцыя нагнала на іх страху.

Сяргей Камароўскі