Разгортваецца злачынная агрэсія расейскай імпэрыі супраць сувэрэннай Украіны. Крамлёўска-лубянская банда паводзіць сябе нахабна і расперазана. Банда прыкладае ўсе намаганьні, каб справакаваць украінцаў і крымскіх татараў у Крыме, а потым абвінаваціць іх у тым, што яны першымі адкрылі агонь па “рускіх міратворцах”. У сьвеце загучалі галасы ў падтрымку незалежнай Украіны і з пратэстам супраць агрэсіўных дзеяньняў Масквы.
Азваліся й мясцовыя менскія цітушкі. Яны засьпявалі надзіва зладжаным хорам. Вось, напрыклад, рэдакцыйная заява (вух ты, як пафасна!) вядомага таблоіда, што прысабечыў сябе гістарычны назоў “Нашай Нівы”. Цытуем самае пафаснае:
“У выпадку эскалацыі ў Крыме і ва Украіне Беларусі спатрэбіцца нацыянальнае адзінства і стрыманасць. Усе палітычныя спрэчкі між уладамі і апазіцыяй варта будзе адкласці ў бок. І канфлікт між афіцыйным Мінскам і Захадам таксама павінен быць спынены. Перадумовы для гэтага стварыла б вызваленне ўсіх палітвязняў і далейшае ўмацаванне нацыянальнай свядомасці беларусаў.
Як і падчас расійска-грузінскай вайны 2008-га, падзеі ў Крыме нагадваюць усім пра наш кансэнсус у пытанні незалежнасці Беларусі і пра важнасць нацыянальнага адзінства ў базавых пытаннях”.
(Крыніца: http://nn.by/?c=ar&i=123728)
А вось заяўка на Радыё Свабода начальніка псэўда-БНФ (Партыі Галіхвэ) А. Янукевіча. Цытуем:
“Мы таксама зьвяртаемся да беларускага ўраду і беларускага народу неадкладна дамагчыся вываду ўсіх расейскіх вайсковых аб’ектаў з тэрыторыі Беларусі. Таму што зараз на прыкладзе падзеяў у Крыме мы бачым, што расейскія вайскоўцы на тэрыторыі іншай краіны, нават калі гэтая краіна не варожая, могуць быць ужытыя насуперак інтарэсам гэтай краіны дзеля блякаваньня інфраструктуры і іншых гвалтоўных дзеяньняў, скіраваных на рэалізацыю расейскіх імпэрскіх амбіцыяў”.
(Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/25280373.html)
У заявах менскіх цітушак нібыта ўсё прыстойна і “у адпаведнасьці з дэмтрадыцыямі”. Яны навучыліся круціць словы і сказы, чым могуць ачмурыць і заблытаць не аднаго чалавека. Цітушкі “за мір і дружбу, за улыбкі мілых…” Але давайце разьбярэмся.
Цітушкі з “НН” заклікаюць да “нацыянальнага адзінства”, дзе “усе палітычныя спрэчкі між уладамі і апазыцыяй варта будзе адкласьці ўбок”. Згадваюць пра “умацаваньне нацыянальнай сьведамасьці беларусаў” і пра “наш кансэнсус”. Паўстае пытаньне: “кансэнсус” з кім – з антыбеларускім рэжымам, васальным рэжымам Масквы на нашай акупаванай зямлі? “Нацыянальнае адзінства” з кім – з лукашызмам, які зьнішчае ўсё нацыянальнае ў нашай краіне? “Адкласьці спрэчкі”? Аказваецца, што ліквідацыя нашай культуры, мовы і дзяржаўнасьці акупанцкім рэжымам і супраціў беларускіх патрыётаў – гэта ўсяго толькі “спрэчкі”?
Чалавек у галіхвэ Янукевіч таксама падаў фальшывы голас. Ён на поўным сур’ёзе ставіць знак роўнасьці паміж “беларускім урадам” і беларускім народам. Аказваецца, урад у нас нацыянальны, беларускі, а не пастаўлены Масквой для зьнішчэньня нас і нашай Беларусі. І, паводле партайгэносэ Янукевіча, гэты “беларускі ўрад” павінен “неадкладна дамагчыся вываду расейскіх вайсковых аб’ектаў з Беларусі”? Гэта павінен зрабіць той самы “урад”, які корміцца з рук Масквы, падпісаў зь ёю безьліч антыканстытуцыйных змоваў па акупацыі Беларусі, сам прывёў расейскія войскі на нашую зямлю.
Можа гэта проста “глупства” засьвечаных менскіх цітушак? Ну, вось не зразумелі чагосьці рабяты, трэба ім лепш патлумачыць, у чым справа. Верыцца ў такое з цяжкасьцю. Надта добра мы ведаем гэтых харыстаў, якія раптам пачалі разьзяўліваць раты і выдаваць тэкстоўкі пра “нацадзінства” з ворагамі Беларусі. Бачна, зь якога харавога ўпраўленьня прыйшла да іх гэтая ўводная. У бліжэйшы час трэба чакаць шэрагу актаў самараскрыцьця і самаспаленьня падсадных і фальшывых, якія доўгія гады хадзілі ў масках і балахонах “сьведамых беларусаў”. Прапаную пачаць складаць галерэю самараскрытых-спаленых. Там мы ўбачым шмат добра засьвечаных у “дэмСМІ РБ” фізіяномій.
Сяргей Камароўскі