З усходу Украіны з раніцы 1 сакавіка адна за адной прыходзяць трывожныя зьвесткі. Ужо ня толькі Крым, а і Харкаў, Луганск, Днепрапятроўск, Нікалаеў становяцца арэнай антыдзяржаўнага путча. Па тэрыторыі Запарожскай вобласьці рухаецца калёна расейскай ваеннай тэхнікі. Якая праграма, якія лёзунгі ў путчыстаў?
Паўсюль яны зьбіраюцца ў натоўпы пад кіраўнітвам цітушак і пад савецкімі сьцягамі, а таксама сьцягамі РФ. Яны не хаваюць сваёй нянавісьці да Украіны і ўсяго ўкраінскага. Яны крычаць: “Россія! Россія! Беркут! Беркут!” У выніку агрэсіўных нападаў з боку путчыстаў і сутычак пацярпела ўжо шмат украінскіх патрыётаў. Толькі з Харкава паведамляюць пра 97 параненых. Пакуль што агульная колькасьць украінскіх стратаў невядомая. “Георгіеўскія стужкі”, транспаранты за “саюзную дзяржаву Расеі-Украіны-Беларусі”, ленінскія манумэнты, савецкая сымволіка – вось знакі гэтай цемры. На жаль, абсалютная бальшыня насельніцтва ахопленых путчам вобласьцяў сядзіць па хатах і ніяк не рэагуе на падзеі – тыповая савецкая абыякавасьць да свайго лёсу. Ужо зразумела, што гэта ёсьць частка агульнага плану вайны Масквы супраць Украіны. Маўчаць і мільёны расейцаў, якіх злачынны рэжым кідае ў новую вайну.
Ня можна пазбавіцца ад уражаньня, што разыгрываецца нейкі сцэнар з фільма жанру жахаў. Ажываюць і ўстаюць з сваіх грабніц тухлыя муміі: цітушкі, беркуты, парткамы, “советскій патріотізм”. З піраміды вылазіць крамлёўска-лубянскі Хэопс з “георгеўскай стужачкай”. Яны за адраджэньне імпэрыі Верхняга і Ніжняга Эгіпту…
Але абавязкава настане раніца. Пракукарэкае пеўнік. І назаўжды рассыпецца гэты кашмар, застанецца толькі пах серы. Народы вызваляцца ад панаваньня зла.
Валеры Буйвал