Абваліўся расейскі лад сьвету

4 марта 2014 г.

Навіны

Грузінскі сцэнар і ўкраінскі сцэнар, накрэсьлены Пуціным, маюць шмат агульнага – кажа нам праф. Яраслаў Грыцак, украінскі гісторык.

Для газэты “Gazeta Wyborcza”

Калі Расея колькі гадоў таму справакавала вайну ў Грузіі і давяла да аддзяленьня Абхазіі, я чытаў распрацоўку ўкраінскіх аналітыкаў, дзе гаварылася пра інтрыгі і змовы, якія дамінуюць у расейскай міжнароднай палітыцы, а таксама пра тое, што падобнай гульні можна спадзявацца на Украіне. Я ня веру ў змовы, то й аналіз падаўся мне надзьмутым. Цяпер у мяне ўражаньне, што грузінскі сцэнар і ўкраінскі сцэнар, накрэсьлены Пуціным, маюць шмат агульнага. Толькі мне здаецца, што для Пуціна гэта вялізная параза.

Калі Савет Фэдэрацыі Расеі даў згоду на ваенную інтэрвэнцыю на Украіну, у адно імгненьне рассыпалася тое, што Расея і СССР будавалі ў нашай частцы Эўропы на працягу стагоддзяў. У сапраўднасьці Пуцін канчаткова парваў з Украінай і Україна канчаткова парвала з Расеяй. Больш таго: абваліўся расейскі лад сьвету. Не Расея будзе раздаваць карты на далёкую пэрспэктыву.

Україна зрабіла эўрапейскі выбар, і пагроза фізычнай інтэрвэнцыі гэты выбар толькі ўзмацніла. Яшчэ зусім нядаўна можна было падумаць, што ўсход краіны і яго індустрыяльнае сэрца – Запарожжа, Днепрапятроўск – з надзеяй глядзяць на Маскву. Гэта скончылася, на маю думку, назаўжды. Днепрапятроўск і Запарожжа з Кіевам, а не з Расеяй. Нават Данецк спрыяе Кіеву. Тамашнія палітыкі Партыі рэгіёнаў лаяльныя Украіне, а не Маскве.

Пасьля акцыі Пуціна голас супраціву падалі ўкраінскія Цэрквы. Царква маскоўскага патрыярхата гаворыць адным голасам з грэкакаталіцкім Касьцёлам. Такога ніколі не было, і нават не чакалася.

Не зьвяржэньне Януковіча і не Майдан агаломшылі Маскву. Пуцін пачаў пагражаць інтэрвэнцыяй, калі раптам аказалася, што падзеленая Україна здольная на кампраміс і еднасьць. Але сёньня Масква можа рэалізаваць свой план у мінімальнай вэрсіі: прарасейскі сэнтымэнт і патрэба нейкага маскоўскага патранату можа цепліцца на восі Харкаў-Адэса і ў Крыме, але нават гэта здаецца надта праблематычным. Гэта марныя парэшткі таго, што напэўна планаваў Пуцін і што вельмі добра яму ўдалося ў Грузіі. Ён не падзеліць Украіну, бо проста Україна гэтага ня хоча. Патранат Масквы непатрэбны нават на ўсходзе і нават расейскамоўным грамадзянам.

Рашэньне аб інтэрвэнцыі абсалютна іррацыянальная, таксама й з расейскага пункту гледжаньня. Я слухаю расейскіх аналітыкаў, і яны прытрымліваюцца менавіта такой думкі. Пуцін зрабіў памылку, абцяжараную наступствамі, бо хацеў быць імпэратарам у былым стылю. Царска-савецкая канструкцыя дамінацыі над усходам Эўропы правалілася. Пуцін прайграў, а ягоныя дзеяньні – гэта самая звычайная палітычная гістэрыя.

Зразумелая рэч, што палітык у гістэрыі можа нарабіць шмат дрэннага, бо ён непрадказальны. Гістэрыя – гэта першы крок да правакацыі. Невядома, як будзе разьвівацца сытуацыя. Аднак памятайма, што Масква завяла мэханізм, які немагчыма спыніць. Мы сёньня іншая краіна, чым былі колькі месяцаў таму. Палітыка Масквы толькі зацьвярджае гэтае адрозьніваньне.

Пераклаў з польскай В. Буйвал.

Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,15549380,Hrycak__Zawalil_sie_rosyjski_porzadek_swiata.html