Кіраўнік Мэджліса крымскататарскага народу Рэфат Чубараў лічыць, што В. Канстанцінаў сваім сьцьверджаньнем адкрыта запрасіў расейскія сілавыя структуры непасрэдна ўмяшацца ў крымскую сытуацыю.
“Што б ні здарылася ў нашай дзяржаве – гэта наша краіна, гэта Україна! І таму ў такі трывожны час, калі кіраўнікі нейкіх рэгіёнаў заяўляюць аб тым, што, маўляў, калі ў Кіеве будзе такая ўлада, якая нам не спадабаецца, мы гатовыя пайсьці на дзеяньні па адлучэньню тэрыторыі ад адзінай Украіны, гэтыя людзі зьдзяйсьняюць ня меншае злачынства, чым тыя, якія страляюць на вуліцах Кіева”, — сказаў кіраўнік Мэджліса Рэфат Чубараў, камэнтуючы СМІ заявы крымскага спікера В. Канстанцінава ў Маскве аб тым, што ён не выключае аддзяленьня Крыма ад Украіны ў выпадку абвастрэньня сытуацыі ў краіне.
Рэфат Чубараў перакананы, што людзі, якія выказваюць падобныя заявы, павінны проста панесьці пакараньне.
“У выпадку з Канстанцінавым, які як старшыня Вярхоўнай Рады Аўтаномнай Рэспублікі Крым, знаходзячыся ў Маскве, зрабіў гэтую заяву, я ўспрымаю як прамое падстракальніцтва, калі хочаце, запрашэньне расейскіх сілавых структураў у Крым, як бы “зрабіце нешта такое, каб мы сабралі сэсію і абвясьцілі тыя рашэньні, якія мы і самы хочам, і вы чакаеце”, — падкрэсьліў кіраўнік Мэджліса.
Рэфат Чубараў заявіў, што крымскія татары не дазволяць рэалізаваць “заявы” такіх палітыкаў як Канстанцінаў. “Гэта палітычнае шулерства ў цяжкі для краіны пэрыяд, — падкрэсьліў кіраўнік Мэджліса. – Крымскія татары проста не дадуць гэта зрабіць! Гэта і наша зямля, гэта зямля ўсіх, хто жыве ў Крыме, у нас няма іншай Радзімы. Мы будзем у адзінай дзяржаве, а такія як “Канстанцінавы” прыходзяць і сыходзяць”.
Кіраўнік Мэджліса Рэфат Чубараў таксама выказаў думку, што Канстанцінаў панясе пакараньне пасьля таго, як на Украіне стабілізуецца абстаноўка і будзе нармальная ўлада.
Афіцыйны сайт Мэджліса крымскататарскага народа
20 лютага 2014 г.
Пераклад з расейскай.
Крыніца: http://qtmm.org