Атрады расейскіх “турыстаў” мабілізуюцца ў сацсетках

4 марта 2014 г.

Навіны

У расейскіх сацсетках зьбіраюцца атрады “турыстаў” – мужчын ад 18 да 45 гадоў з досьведам ваеннай службы – для паездкі на Украіну.

Арганізатары заклікаюць расейскіх мужчын накіроўвацца ў Крым, Данецк і Харкаў – важнейшыя “пункты супраціву”.

“Чым больш нас, расейскіх турыстаў”, цяпер будзе знаходзіцца на тэрыторыі гэтай сумежнай дзяржавы, тым больш будзе афіцыйных абгрунтаваньняў у кіраўніцтва нашай дзяржавы ўжываць неабходныя дзеяньні па абароне сваіх грамадзянаў за мяжой”, — піша адзін з паблікаў.

“Зараз у Крыме вырашаецца лёс ўсяго расейскага народу і лёс нашай Вялікай Расеі”, — указваюць арганізатары акцыі.

28.02.2014

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://gordonua.com/news/worldnews/Rossiyskih-muzhchin-prizyvayut-k-borbe-za-Ukrainu-12004.html

Ёсьць у нашай песеннай спадчыне пра “турыстаў-авантурыстаў”… Трэба прызнаць, што пафас інтэрнэт-адозваў дастаткова адэкватны. Сапраўды ў Крыме ў прыватнасьці і на Украіне ў цэлым вырашаецца лёс імпэрыі. Менавіта тут пачне канчаткова валіцца Турма Народаў, якая даўно згніла і перажывае цяжкія формы псіхічных растройстваў. Можна крыўдаваць на крымскіх “дорогіх россіян” за тое, што яны ніяк ня хочуць пагадзіцца з грамадзянствам у дэмакратычнай Украіне. Але трэба зазначыць наступны аспэкт.

Хто выступае пад лёзунгам “Крым – Россія”? Мы ўбачылі на дэманстрацыі каля Вярхоўнай Рады аўтаноміі ў Сімфэропалі дзьве катэгорыі “рускіх патрыётаў”. Гэта былі некалькі дзесяткаў “ряженых” казачкоў з бутафорскімі кубанкамі на галовах. Яны моцна крычалі (яны ведаюць, што ў любы момант іх эвакуіруюць на расейскі бераг). І сотні так званых “бюджэтнікаў”, якіх “патрыятычнае” начальства загадам паслала дэманстраваць. Мяркуем, што цяпер настаўніц-бухгалтарак цяжка будзе пасылаць куды-небудзь. Бо трох “бюджэтнікаў” у даўцы перад ВР задавілі на сьмерць свае ж. Ёсьць яшчэ трэцяя катэгорыя: узброеныя атрады, якія зараз захопліваюць розныя дзяржаб’екты ў Крыме і правакуюць на бой украінскую дзяржаву і крымскіх татараў. Вось і ўсё. Абяцаныя маскоўскай прапагандай “два мільёны рускіх крымчан” сядзяць па хатах і дабраахвотна не высоўваюцца. Намаганьні Масквы небясьпечныя і ў той жа час мізэрныя.

Што да “турыстаў”, то гэта даўняя практыка. Так, на прыканцы жніўня 1939 г. у Гданьск прыехалі тысячы нямецкіх “турыстаў”, у красавіку 1940 г. тое самае ўбачылі жыхары Капэнгагена – перад самым пачаткам агрэсіі супраць Польшчы і Даніі. Масква адкрывае “турыстычны сэзон”. Маскве хочацца вайны…

Янка Базыль