Міністар унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў ацэньвае тое, што адбываецца ў Крыме, як узброеную інвазію Расейскай Фэдэрацыі.
Авакаў напісаў у сябе ў Facebook, што “аэрапорт Бэльбэк заблакаваны ваеннымі аддзеламі флёту РФ. Унутры аэрапорта знаходзяцца вайскоўцы і памежнікі Украіны. Звонку – вайскоўцы ў камуфляжы і са зброяй без апазнавальных знакаў. Але яны не хаваюць сваёй прыналежнасьці. Аэрапорт не працуе. На зьнешнім пэрымэтры пастарункі МУС Украіны. Узброенага сутыкненьня пакуль што няма”.
Адносна аэрапорта Сімфэропаля, кіраўнік МУС указаў, што “каля 12 начы група ў цывільным, каля 100 чалавек, якія назваліся казацкай сотняй, пераадолела агароджу вакол тэрыторыі аэрапорта, вышла на поле аэрадрома. Сіламі ўнутраных войскаў і міліцыі гэтыя людзі былі адсунуты спачатку ў будынак аэрапорта, а потым і зусім па-за тэрыторыю. Зброя не ўжывалася. Раён аэрапорта “казакі” пакінулі каля першай уначы – пагрузіліся ў тэнтаваныя КамАЗы і зьехалі”.
Тым ня менш, працягнуў Авакаў, “каля 1.30 ночы ў будынак аэрапорта прыбылі на некалькіх грузавіках 119 вайскоўцаў з аўтаматычнай зброяй у камуфляжы без апазнавальных знакаў. Яны ўвайшлі ў будынак аэрапорта, разьмясьціліся ў памяшканьні рэстарана. Не хаваюць сваёй прыналежнасьці да ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі. На заўвагі ўкраінкіх супрацоўнікаў МУС “вы вайскоўцы і ня маеце права тут знаходзіцца” – адказваюць каротка – ня маем інструкцый весьці з вамі перамовы. Сытуацыя статычная, зброя з абодвух бакоў не ўжывалася. Расейскія вайскоўцы статычна назіраюць за працай аэрапорта, наўпрост ня ўмешваюцца”.
Авакаў ўказаў на тое, што ўнутраныя войскі і МУС Украіны ўзмацнілі нарады ў раёне аэрапорта. Напруга нарастае і супрацьстаяць рэгулярным ваенным сілам ворганы правапарадку ня здолеюць.
“Тое, што адбываецца, я ацэньваю як ўзброеную інвазію і акупацыю. У парушэньне ўсіх міжнародных дамоваў і норм. Гэта ёсьць наўпроставая правакацыя ўзброенага кравапраліцьця на тэрыторыі сувэрэннай дзяржавы”, — падкрэсьліў чыноўнік.
Ён упэўнены, што гэта ўжо не кампэтэнцыя МУС. Гэта кампэтэнцыя Рады Нацыянальнай Бясьпекі і Абароны. “Пакуль яшчэ няма наўпроставага ўзброенага сутыкненьня, павінны размаўляць дыпламаты”, — закончыў Авакаў.
28.02.2014
Пераклад з расейскай.