“Дела идут, контора пишет…”

4 марта 2014 г.

Навіны

У гісторыю антыбеларускага рэжыму дзень 25 лютага 2014 года ўвойдзе як “гістарычны”. Пачалася татальная мабілізацыя… Не, гэта было не як у чэрвені 1941-га, калі па радыё выступіў Левітан, загулі фабрычныя гудкі і падобнае. Усё было значна больш дыскрэтна, можна сказаць, далікатна. Ніхто не залазіў на бочку пасярод вуліцы і не крычаў немым крыкам, не налепліваў на сьцены дамоў адозваў. Але з самай раніцы яно пакацілася па нашай краіне, пакідаючы за сабой тысячы і тысячы агаломшаных грамадзянаў РБ.

А было так… Пэнсійныя прадстаўнікі розных “славных органов” (пра паходжаньне якіх ведаюць у офісах) раптам адразу ж а 9.00 у безьлічы бюро, цэхаў і кабінэтаў распачалі свае настальгічныя маналогі. Прычым цікава, што ўспаміналі яны адно і тое ж: “Да, товарищи, я тогда был моложе. Я служил. И знаете, мы стояли тогда в оцеплении. Шёл 1991 год. Тяжёлое время! Как страшно было, когда на нас шла толпа!..”

Праз пэўны час, бліжэй да абеду, “першую скрыпку” з рук пэнсійных службістаў прынялі ўшчэнт цывільныя асобы, у асноўным жанчыны “сярэдніх гадоў”: розныя сакратаркі, дробныя сталаначальніцы, у некаторых выпадках нават прыбіральшчыцы (“люді із народа”, “простые люді”). Іхныя скрыпкі загучалі значна больш драматычна: “Я сама с Украины. И моя свекруха там до сих пор живёт, в Черновцах. Какой это был ужас, когда всё это началось! Сбежались в кучу банды молодых, начали всё поджигать, громить, насиловать! Ужас!..”

Людзі, уважлівыя да паводзінаў грамадзтва, занатавалі, што на працягу апошніх трох месяцаў беларусы ўпарта маўчаць і амаль не абмяркоўваюць драматычныя падзеі ў суседняй краіне. І раптам (у працоўны час!) надзвычай шматлікія служачыя пачалі масавую “загрузку ў мазгі”, як кажуць маладыя. Што здарылася?!

Беларусы, здольныя на элемэнтарны лагічны аналіз, пачалі зьвяртацца да маналагістаў: “Добра, дапусьцім, што так гэта й было. Чарнавіцкія паўстанцы палілі, білі і гвалтавалі. А чаму ж дагэтуль маўчаць Масква, расейскія тэлеканалы, Жырыноўскі ў Думе? Там ужо павінны паказваць у тэлекамэры фотаздымкі разгромленых кватэр простых грамадзян, спаленых цэркваў, браць інтэрв’ю у згвалтаваных жанчын і г.д. Нічога гэтага няма. Такіх інфармацый няма ня толькі з Чарнаўцоў, але з усяе Украіны (а гэта самая вялікая па тэрыторыі краіна Эўропы, тысячы гарадоў і паселішчаў). Паўсюль на грамадзкі пратэст выйшлі і арганізаваліся ў рэвалюцыйныя групы мясцовыя студэнты, рабочыя, настаўнікі, прадпрыймальнікі, пэнсіянэры. Яны выступілі супраць дзяржаўнай мафіі – цэнтральнай і правінцыйнай —, якая сістэматычна і нахабна абрабоўвала і зьневажала грамадзтва пасьля прыходу да ўлады хунты Януковіча. На мірныя сходы грамадзянаў наляцелі атрады міліцыі і “цітушкі” (вось сярод іх якраз былі крымінальнікі, пагромшчыкі і злачынцы), білі і катавалі, запалохвалі людзей. Пракуратуры і суды ў шэрагу мясцовасьцяў выканалі загады антынароднага рэжыму і раздавалі арыштаваным патрыётам турэмныя прысуды. Але народ аказаўся мацней. Тысячы людзей пайшлі на штурм апірышчаў рэжыму і ў шэрагу гарадоў запалалі будынкі пракуратуры, СБУ і міліцыі. Пачалі разьбягацца пабітыя “цітушкі”. І гэта вы называеце “ужас”? Народу трэба было ўкленчыць перад фашыстамі?!”

Зразумела, што маналагістам няма чым крыць. Адкрываецца прадуманы класічны сцэнар канторы, “которая пішет”, па апрацоўцы грамадзкай думкі. Крымінальнікі-цітушкі называюць такое “браць на понт”. Разьлічваецца, што беларусы здольныя спачуваць ахвярам гвалту. І даецца ўводнае “на спачуваньне”. Аргумэнтацыя выключна “асабістая”: “я там жила”, “я сама оттуда”, “моя семья осталась там”. На такое ня трэба дадатковых рэчавых доказаў. “Она там жила, она знает…” – рэхам разыходзіцца па офісах і цэхах. І ўсе пачынаюць спачуваць ахвярам – не героям, якія загінулі на барыкадах, а неіснуючым згвалтаваным майданаўцамі мірным грамадзянам. Доктар філалагічных навук Гэбельс высока ацаніў бы такую спэцкампанію па апрацоўцы мазгоў. Выпісаў бы арганізатарам залаты значак “прапагандыст НСДАП”.

Людзі павінны былі б задумацца: а чаму “ветераны органов” і “дамы сярэдніх гадоў” так доўга маўчалі і раптам пачалі “успамінаць” хорам, паводле аднаго тэкста і той самай рэжысуры? Адкуль прагучаў гэты сьвісток?

Мы ўжо чулі яго пранізьлівы піск. У 1994 годзе, калі па сьвістку тысячы і тысячы прыбіральшчыц, бухгалтарак і іншых “простых людзей з народа” спачатку гукалі ісьці галасаваць “за Кебіча”, а калі ягоная фігура пачала правальвацца пад цяжарам народнага гневу, літаральна на наступную раніцу пачалі гукаць “за молодого кандідата Лукашенко”. Многія людзі тады былі глыбока ўражаны гэтай мэтамарфозай і аж трэсьлі галавой, ацэньваючы размах балбатлівай сеткі і зладжанасьць яе паводзінаў і дэмагогіі. За апошнія 20 гадоў ня раз апускаўся рубільнік і кантора ўключала свой мэханізм. Вось бы рэжым так зладжана кіраваў справамі ў эканамічных і сацыяльных рэформах, як ён кіруе сваёй арміяй “оказывающих содействие”!

Беларусы, не дайце сябе ачмурыць дзікай і нахабнай канторскай хлусьнёй. Памятайце, што мільёны ўкраінцаў на нашых вачах не дазволілі падмануць і запалохаць сябе. Ганіце прэч інфармацыйных цітушак!

Янка Базыль