Агляд замежнага друку

4 марта 2014 г.

Навіны

15 лютага 2014 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала пра выступ міністра абароны Расеі Шайгу з нагоды 25-годдзя заканчэньня савецкай ваеннай інтэрвэнцыі ў Аўганістане. Шайгу назваў вэтэранаў вайны “сапраўднымі патрыётамі”, а вайну – часткай “найлепшых баявых традыцый радзімы”.

Наш камэнтар: Пра што гэта казаў з крамлёўскай трыбуны тувінец Шайгу, які дарабіўся да маскоўскага міністэрскага крэсла? Пра якую “радзіму”? Пра саўдэпію, якая ляснула праз два з паловай гады пасьля згаданага заканчэньня інвазіі? Прычым тут беларусы, украінцы, грузіны, латышы і іншыя, якіх Масква пагнала была ў Аўганістан? Для нашых народаў чужымі былі, ёсьць і будуць тая злачынная вайна і маскоўская “родіна”. Аказваецца не выпадкова такое мовіў Шайгу перад інвазіяй на Ўкраіну.

Юрка Марозаў


16 лютага 2014 г. дацкая газэта “Berlingske” паведаміла пра зварот біскупаў дзяржаўнага касьцёла Англіі (англіканскага Касьцёла) да сьвятароў. Біскупы заклікалі не вянчаць гомасэксуальныя пары. Гэта ёсьць адказам Касьцёла на прыняты нядаўна закон аб легалізацыі аднаполых шлюбаў у Англіі і Валіі.

Наш камэнтар: Змаганьне за хрысьціянскую Эўропу працягваецца. Касьцёлы зьяўляюцца асноўнай сілай супраціву лібэральнаму злу.

Алесь Хадасевіч


21 лютага 2014 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zietung” паслала свайго рэпарцёра у Львоў. Цытуючы рэвалюцыянэраў, Паўль Флюкігэр называе Львоў “вольным горадам вольных грамадзян”. Ён нагадвае таксама, што рэвалюцыйны імпэт мае свае гістарычныя карані: “Тут, у Галіцыі, якая патрапіла пад савецкую ўладу толькі ў 1945 г., ніхто больш ня хоча быць рабом”.

Наш камэнтар: Гэта добра, да іх урэшце дайшло. Заходнія журналісты пачалі пра гістарычныя карані пісаць. Памятаем, як у 1991 годзе яны ізгаляліся ў сваіх газэтах: “Нацыяналісты падымаюць свае сьцягі з бруду гісторыі…”

Алесь Хадасевіч


23 лютага 2014 г. нарвэжская газэта “Aftenposten” напісала пра тое, як рэвалюцыянэры ўвайшлі ў рэзыдэнцыю Януковіча пад Кіевам. Яны ўбачылі там раскошу, знайшлі зброю і амуніцыю, а таксама вялікую колькасьць кампрамітуючых дакумэнтаў, якія ахова паспрабавала ўтапіць у вадзе.

Наш камэнтар: Беларусы з цікаўнасьцю чакаюць візыту ў бярлогі мясцовых бонзаў рэжыму.

Юрка Марозаў


23 лютага 2014 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведаміла, што Расея выклікала свайго амбасадара на Украіне ў Маскву “у сувязі з пагаршэньнем сытуацыі на Украіне і неабходнасьцю паглыбленага аналізу”.

Наш камэнтар: Жэст Крамля, што называецца, “красамоўны”. Няхай імпэрцы аналізуюць сваю сакрушальную паразу на Украіне. Але зразумела, што яны не пакінуць народ у спакоі. Масква хоча вайны ў суседняй дзяржаве. Спакой для народаў настане толькі пасьля таго, як Карфаген будзе разбураны.

Юрка Марозаў


23 лютага 2014 г. бэльгійская газэта “De Standaard” паведаміла, што адбылася тэлефонная размова паміж Мэркэль і Пуціным. Яны пагадзіліся, што “тэрытарыяльная цэласнасьць” Украіны не павінна быць парушана.

Наш камэнтар: Што б яны не заяўлялі, ніхто ня верыць ім у Эўропе. За апошнія тры месяцы паказалі сябе і нямцекая русістка і маскоўскі германіст. Цяпер усе ведаюць, што яны падзялілі з сабой Эўропу. Але народы ня згодныя з гэтай бандыцкай зьдзелкай.

Юрка Марозаў