Апошні раз па тэлефоне зь Нью-Ёрку я размаўляў з Рыгорам пару дзён таму ў дзень яго нараджэньня 24 лютага. Рыгор гаварыў слаба, дыкцыя яго зьлівалася ў адзіную плынь дабразычлівага беларускага тону. Праз трэск ў слухаўцы можна было пачуць толькі асобныя словы: “Зянонка”.., “дружа”.., “дзякуй”.., “Жыве Беларусь”… Адышоў дзівосны паэт беларускай красы… “лілею млявы плёс люляе”… і мова яго, нібы песьня… Для мяне Барадулін яшчэ й дарагі фронтавец, адраджэнец, паважаны асабісты прыхільнік. Так і ўспамінаю яго побач з Васілём Быкавым у нашай фронтаўскай грамадзе, дзе Быкаў засяроджана слухаў, а Рыгор гаварыў вершамі. Адышоў паэт народнай весялосьці, творца надзвычай самабытны, свой і непаўторны. Адышоў у лепшы духоўны сьвет. Сьветлы шлях табе ў Неба, вялікі беларускі паэт, і вечная памяць.
2-га сакавіка 2014 г.Зянон Пазьняк