Беларусы даўно ўжо з такой увагай не чыталі і ня слухалі паведамленьні СМІ. Зразумела, што ў цэнтры ўвагі драматычныя падзеі на братняй Украіне. Сытуацыя мяняецца з кожным днём, з кожнай гадзінай… І вось у інфармацыйнай прасторы поўным дысанансам пракукарэкаў пеўнік мясцовай псэўдаапазыцыі.
Матэр’ял на Радыё Свабода называецца таленавіта і адэкватна – “Брусэль забыўся на беларускую апазыцыю”. Трэба толькі падказаць рэдактарам, што слова “беларуская” трэба ўзяць у тлустае двукосьсе. Згаданая “оппозіція” зьяўляецца арганічнай часткай антыбеларускага рэжыму. Чытаць бяз сьмеху пра Брусэль і забытых ім немагчыма.
А справа такая. Раніцай 19 лютага, калі абаронцы кіеўскага Майдану адбівалі чарговую атаку януковіцкіх эсэсаўцаў, у Вільні пайшла ў наступ групка менскіх “панфілаўцаў”, волатаў грантаўскага змаганьня. Ад іх хватка адмахваўся містэр Дзірк Шубэль, начальнік супрацоўніцтва з краінамі “Усходняга партнёрства” з Эўракамісіі.
У ролі прыфрантавога спэцкора выступіў на хвалі РС вядомы В. Рымашэўскі з “БХД”. Ён распавёў пра хаду наступальных дзеяньняў: “Прадстаўнікі сямі беларускіх структураў выказалі сваё меркаваньне пра цяперашні стан дачыненьняў Эўразьвязу і Беларусі. Асабіста я казаў пра тое, што дыялёг аб мадэрнізацыі пачынаўся з ініцыятывы грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных партыяў Беларусі. Але сёньня яны фактычна апынуліся на ўзбочыне гэтага працэсу. Да гэтага, на маю думку, найперш прыклалі руку прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску і офіс эўракамісара Фюле. Брусэль вядзе поўнамаштабныя перамовы зь беларускімі ўладамі і паўадкрытую супрацу з рэжымам Лукашэнкі”.
Зразумела, што для Рымашэўскага антыбеларускі рэжым – гэта “беларускія ўлады”, а як жа інакш! Дык якія тады ў вас прэтэнзіі, калі Брусэль “прыкладае руку” да нечага беларускага? Тым больш, што, як сказаў той жа Рымашэўскі, “мы таксама зьвярнулі ўвагу на тое, што Эўразьвяз выдзяляе грошы беларускім уладам”.
(Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/25269033.html).
Вось, дзе той сабака закапаны! Тут не пра тое, што Эўразьвяз сарамліва абымаецца з антыбеларускім рэжымам, а пра грошыкі хвалююца “змагарыкі”. Знаёмая грант-песенька пра “Где наші деньгі, мусью?!..” Па ўсім бачна, што на ўзбочыну аказаліся ськінутымі абрыдлыя халяўшчыкі, якія прыеліся ўжо ўсім: Брусэлю, беларускаму грамадзтву і нават лукашыстоўскаму рэжыму. А калі на прыканцы рэпартажа спэцкор згадаў прысутных удзельнікаў – А. Лябедзьку, А. Мілінкевіча, Ул. Някляева і іншых – то кампазыцыя карціны замкнулася ў “гармонію”. Трэба ўстаўляць у рамку і вешаць у офісе, скажам, АГП.
Жах! Калі так далей пойдзе, дык “жылтаварышам швондзерам” прыйдзецца недзе на працу ўладкоўвацца, штодня туды хадзіць, офісы распускаць, на дыету пераходзіць. Спачуваем…
Сяргей Камароўскі