Ёсьць выразнае адчуваньне, што ў Кіеве адбыўся стыхійны выбух, але далейшае разьвіцьё падзеяў паказала: сілавы сцэнар планавалі даўно, а апазыцыю справакавалі ўлады, заявіў Gordonua.com палітолаг, кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных дасьледваньняў “Пэнта” Уладзімір Фясэнка.
“Мяркуючы па падзеях 18 лютага, сілавы сцэнар быў спланаваны заранёў, засталося толькі арганізаваць нагоду. Далей машыну не спрабавалі спыніць, а гэта можна было зрабіць, калі б не загад аб разгоне Майдана. Улада абрала мяккі спосаб, такі ж, як і ўначы на 11 сьнежня 2013 года. Не жорсткі разгон, а выцісканьне. Але нават гэта прывяло да дзесяткаў чалавечых ахвяраў. Чарговая трагічная памылка”, — упэўнены Фясэнка. Камэнтуючы словы Андэрса Аслунда (старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута міжнароднай эканомікі імя Пэтэрсона, спэцыяліст па расейскай палітыцы і эканоміцы — Gordonua.com) аб тым, што загад ачысьціць Майдан Януковіч атрымаў ад Пуціна ў Сочах, палітолаг часткова пацьвердзіў гэтую вэрсію.
“Мяркуючы па ўсяму, рашэньне было прынята ня ў Сочах, а крыху пазьней. Вэрсію, што Пуцін купіў разгон за 2 мільярды даляраў, я таксама магу пацьвердзіць. Больш таго, па званках з Масквы ў мяне ўзьнікла адчуваньне, што там ведалі сцэнар разьвіцьця падзей і дату пачатку штурма”, — выказаў меркаваньне палітолаг.
“Сілавы варыянт выгадны Маскве, таму што ён вяжа крывёй Януковіча, які самаўхіліўся, ператвараецца ў новага Лукашэнку, цалкам залежнага ад Пуціна”, — падкрэсьліў Фясэнка.
Экспэрт даў некалькі сцэнароў далейшага разьвіцьця падзей.
“Зараз трэба замацаваць нестабільнае і нефармальнае перамір’е. Галоўнае – не паўтараць памылак 18 лютага і вывесьці “Беркут”. Наступны крок – тэрмінова прымаць палітычнае рашэньне аб хуткім падзеле ўлады. Не праз паўгады класічным шляхам канстытуцыйных зьменаў, а хуткім падзелам праз вяртаньне да Канстытуцыі 2004 года”, — перакананы палітолаг.
Калі гэтага не зрабіць, то, на думку Фясэнкі, краіна апынецца на грані фактычнага расколу.
“Калі гэтага не адбудзецца, будзе працяг супрацьстаяньня. Падчас такой вайны ўлада навядзе парадак так, як палічыць патрэбным, — сілай і масавымі рэпрэсіямі. Гэта выкліча ў адказ хвалю супраціву. У краіне ўжо абазначана тэндэнцыя расколу. Частка краіны – Заходняя Україна, шэраг цэнтральных вобласьцяў, — не падпарадкоўваюцца дзеяньням уладаў. Здушыць супраціў у Заходняй Украіне можна толькі гвалтам і шматлікімі ахвярамі. І тое я ня ўпэўнены, ці ўдасца гэта зрабіць”, — падсумаваў Фясэнка.
19.02.2014
Пераклад з расейскай