36 суддзяў з розных рэгіёнаў Украіны падалі ў Вышэйшую раду юстыцыі краіны заявы аб адстаўцы, перадае “Цензор.нет” са спасылкай на старшыню рады Аляксандра Лаўрыновіча. Заявы падалі як суддзі са сталіцы і з захаду Украіны, так і іхныя калегі з Днепрапятроўскай, Данецкай, Харкаўскай і Адэскай вобласьцяў.
ВРЮ накіравала прэзыдэнту Віктару Януковічу і Вярхоўнай радзе прадстаўленьні аб звальненьні гэтых суддзяў. Акрамя таго, як піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку галоўрэд “Цензор. нет” Юры Бутусаў, ад пасады адхілена старшыня Абалонскага райсуду Кіева Ірына Мамантава, якая першай сярод сваіх калег адмовілася вязьніць застрыманых студэнтаў – актывістаў Майдана ў СІЗО, зьмясьціўшы іх пад хатні арышт. Усяго на Украіне 8 тысячаў суддзяў.
11 лютага 14-я сотня Самаабароны Майдана разам з вэтэранамі аўганскай вайны не дапусьціла заключэньня пад варту чатырох актывістаў, прыцягнутых па сфабрыкаванаму абвінавачваньню, у СІЗО. Масавым пікетаваньнем Падольскага райсуду Кіева Самаабарона дамаглася, каб актывістаў замест заключэньня пад варту зьмясьцілі пад хатні арышт на два месяцы. Пікеты таксама праходзілі каля будынка ГУУС Кіева.
Уначы на сераду ў Палтаўскай вобласьці двума стрэламі з гладкаствольнай зброі быў сьмяротна паранены 34-гадовы суддзя Аўтазаводзкага райсуду Крамянчуга Аляксандр Лабадэнка. Пазьней ён памёр у шпіталі. Асноўнай вэрсіяй пакушэньня МУС называе прафэсійную дзейнасьць загінуўшага: нядаўна Лабадэнка адправіў у СІЗО некалькіх актывістаў, што ўдзельнічалі ў штурме гарадзкой рады.
13.02.2014
Пераклад з расейскай
Крыніца: http://grani.ru/Politics/World/Europe/Ukraine/m.224460.html