12 лютага ўкраінская рэдакцыя Радыё Свабода выдала паведамленьне пад тытулам “Нацыяналістычныя партыі Балтыі і Беларусі стварылі камітэт дапамогі Ўкраіне – каардынатар”. (Крыніца: http://www.radiosvoboda.org/content/article/25261928.html)
У якасьці “каардынатара” пазначаны Сяргей Высоцкі, “які страшынюе ў Беларускай партыі свабоды”. У якасьці партнёраў па камітэту пазначаны нацыяналістычныя арганізацыі Эстоніі, Латвіі і Летувы.
Цікава было б даведацца, ці ведаюць пра сваё сяброўства пад каардынатарствам С. Высоцкага балтыйскія нацыяналісты? Ім, а таксама ўкраінскім і беларускім патрыётам трэба нагадаць, што юрыдычнае цела пад назовам “Партыя свабоды” пад старшынствам С. Высоцкага зьяўляецца даўнім фантомам у беларускай інфармацыйнай і палітычнай прасторы. Цяжка сказаць, колькі людзей калі-небудзь рэальна праявілася ў дзейнасьці гэтай групы. Некалі гэтая “Партыя свабоды” была заўважана ў расклейваньні рэкламных улётак пра яе “лідэра” на лукашэнкаўскіх псэўдавыбарах недзе ў 2000-х гадах. Сам Высоцкі рабіў некалькі заяваў у “дэмСМІ РБ”, але гэта нічога ня значыць. Колькі-небудзь масавага далучэньня да яго “партыі” не адбылося. “Партыя” так і засталася фантомам.
У сувязі з гэтым Высоцкі быў заўважаны ў краінах Балтыі, Польшчы і на Украіне. Паўсюль ён прадстаўляецца як лідэр нацыяналізма ў Беларусі і нават паказвае сьпіс “кааліцыі”, у якой членствуе ягоная “партыя”. Польскія і ўкраінскія патрыёты паказвалі беларускім фронтаўцам гэты сьпіс. Ён даволі кур’ёзны. У “кааліцыі” разам з Высоцкім пазначаны “Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква”, Беларускі Гэльсінскі камітэт і яшчэ парачка падобных назоваў. Можна меркаваць, што гэта за кааліцыя.
І вось даволі доўгі час С. Высоцкі дзейнічае на рэвалюцыйнай Украіне. Разам зь яшчэ адным “нацыяналістам” Славай Сіўчыкам яны прадстаўляюць у суседняй краіне “беларускую дэмакратыю”. Чамусьці ні ў каго з украінскіх патрыётаў ня ўзьнікла думка спытацца ў іх каго яны прадстаўляюць (акрамя сябе самых), хто вядзе іх па жыцьці, адкуль яны ўзяліся, па чыіх рэкамэндацыях? Сяргей Камароўскі