У нядзелю 2-га лютага ў беларускім саборы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася прэзэнтацыя новай кнігі ЗЯНОНА “Тэрра Дэй” (Зямля Бога). Аўтар, прадстаўляючы кнігу, засяродзіўся на яе галоўнай частцы, прачытаў цэлую лекцыю пра мастацтва кнігі, паэзію, фатаграфію і літаратуру з паказам ілюстрацыяў праз дыяпраектар на экран. Новая кніга ЗЯНОНА – гэта сінтэтычны твор з вершаў, фатаграфіяў, апавяданьняў, эсэ, успамінаў, паліталягічных артыкулаў і сэнтэнцыяў. Твор падзелены на тры творчыя тэмы: “Фатаграфіі і вершы”, “Апавяданьні” і “Народная філасофія”. Асноўная тэма, якая займае дзьве траціны аб’ёму кнігі – гэта “Фатаграфіі і вершы”. “Крэда гэтай тэмы, — сказаў аўтар, — сфармулявана як імкненьне адлюстраваць прысутнасьць Боскага Духу ва ўсіх зьявах, рэчах, карцінах і вобразах Зямлі і зямнога жыцьця.”
І сапраўды, ілюстрацыі некаторых разьдзелаў гэтай тэмы, якія паказаў аўтар, пакідаюць незабыўнае ўражаньне. Асабліва запомніліся “Сімфонія воблакаў” (“Боскае неба”), “Сьвятло Месяца”, “Птушкі”, “Акіян-мора”, “Партрэт”, “Віленшчына прыўкрасная” і інш. Нецікавых здымкаў у кнізе няма. Кожны зь іх зьдзіўляе майстэрствам здымкі і хараством. Асабліва ўражваюць кніжныя развароты, якія зроблены канцэптуальна і ілюструюць мастацкае майстэрства аўтара.
Той, хто пасьпеў ужо прачытаць гэтую кнігу, аднагалосна выказаліся і пра апавяданьні ЗЯНОНА (жанр, у якім раней аўтар не выступаў). Асабліва адзначаюць апавяданьні “Васількі”, “Палкоўніца”, “Геранім”, “Свае”, “Ліцьвінская кроў”, “Лявон” і інш.
Паліталагічныя артыкулы (якія былі напісаны аўтарам спэцыяльна для гэтай кнігі), асьвятляюць мноства праблемаў нашага грамадзтва і цывілізацыі — ад беларускага Адраджэньня да пытаньня аб абортах, люмпэнах (лахманах), і люстрацыях.
Пасьля лекцыі аўтара і адказу на пытаньні яшчэ былі размовы і абмен думкамі аб філасофска-эстэтычным значэньні хвалі як асновы фізічнага сьвету (верш ЗЯНОНА: “Хваля ёсьць форма і формула хараства”), аб катэгорыі пустаты (верш “Пустата”), аб вечнасьці быцьця, аб высокім і нізкім у мастацтве, аб “трацінах” ЗЯНОНА (трохрадкоўях на аснове хоку) і іншым.
Размаўлялі таксама аб транслітэрацыі назвы кнігі “ТЭРРА ДЭЙ” з лацінскага выразу “TERRA DEI” на кірылічнае напісаньне. Аўтар падрабязна распавёў: “Транслітэрацыя на беларускія літары тут ня мусіць быць капіяваньнем лацінскіх літар і павінна адбывацца па фанетычным прынцыпе (па рэальным гучаньні), бо галосная “э” знаходзіцца пад націскам. У гэтым выпадку наступная галосная “і” скарачаецца і гучыць як “й”. Каб чулася доўгае “і”, трэба “і” паставіць пад націскам: “Дэ-і” (як, напрыклад, у абрэвіятуры ДАІ – дарожная аўтаінспэкцыя). Такая ёсьць прырода нашай мовы і моўнага апарату. Зацягваньне ненаціскнога “й” будзе абазначаць нішто іншае, як дадаваньне доўгай фанэмы “і” – “Дэй-і”. Таму рэальна ў малітвах заўсёды гучыць “й” (напрыклад, “Матэр Дэй”, “Агнус Дэй”) і г. д. Гэтыя якасьці, аднак, не абавязкова захоўваюцца пры расьпевах (прасьпяваць можна любую галосную). Але сьпевы – гэта ўжо іншыя правілы. Фармальнае капіяваньне лацінскіх літар пры транслітэрацыі на кірыліцу прыводзіць да ўтварэньня такіх слоў, як Лейпцыг, Гейнэ, Міоры і т. п. (транслітэрацыя па гучаньні павінна быць: Ляйпцыг, Гайнэ, Мёры). Транслітэрацыя ў мовах з лацінскім напісаньнем, практычна, ня робіцца”.
А ўвогуле, паэт ЗЯНОН ці ня першы, які зрабіў такую транслітэрацыю лацінскага слова “Deі” у беларускім напісаньні яшчэ ў сваёй паэме “Вялікае Княства”.
Беларусы, якія прыехалі ў ЗША і маюць магчымасьць вярнуцца на Бацькаўшчыну, ўражаныя ўбачаным і пачутым, пыталіся, ці можна будзе набыць кнігу “Тэрра Дэй” у Беларусі. Але, на жаль, гэта малаверагодна. Антыбеларускі рэжым не прапускае кніг ЗЯНОНА ў Беларусь.
Марыля Я-віч
Вокладка
Разварот з цыклу “БОГ”
Сонца
Таму, хто чакае, Што загляне сонца У яго ваконца, Сонца не загляне ніколі. Сонца сьвеціць таму, Хто да яго імкнецца.
Зімовы прыцемак у тумане
Прыбой
Срэбныя хвалі
Боскае неба.
Воблакі
Воблакі над вадой, Як некалі. І часам здаецца: Вось яна, Айчына, За небаспадам.
Белая чайка
Сакавік
Разварот з цыклу “Сьвятло Месяца”
Рама
Хмара сплыла І выглянуў Месяц. Адбітак ад рамы вакна На стале Павольна спаўзае на край
10-a1.JPG . Разварот з цыклу “Разважаньні”
Хваля
Хваля ёсьць форма І формула хараства
11-a1.JPG Чыстасьць. Разварот з цыклу “Партрэт”
Замілаваньне на бруклінскай эвеню
Чалавек з сабакам.
Людзі
У нацыі няма лішніх людзей. Ад бадзягі і жабрака Да акадэміка і палкаводца — Усе патрэбныя.
Летняя акварэль.
Чалавек не адзінокі, Бо ёсьць Бог.