Іларыёнаў: На працягу тыдня Расея распачне татальны ціск на Ўкраіну

4 лютага 2014 г.

Навіны

Экс-дарадца Уладзіміра Пуціна, эканаміст Андрэй Іларыёнаў заяўляе, што Крэмль распрацоўвае тры магчымых сцэнары, сярод якіх – усталяваньне кантролю над усёй Украінай. Кіраўніцтва Расеі распрацоўвае план па ўсталяваньню кантроля над Украінай, таму на працягу бліжэйшага тыдня Крэмль распачне яшчэ большы ціск на Кіеў. Такую думку ў эксклюзіўным камэнтары Gordonua.com выказаў экс-дарадца Ўладіміра Пуціна, член расейскага “Камітэту салідарнасьці з Майданам”, эканаміст Андрэй Іларыёнаў.

Расея аднавіла гандлёвую і інфармацыйную вайну супраць Украіны. Зараз ужо йдзе затрымка тавараў праз Украіну на 10-15 дзён. З усіх тэлевізійных каналаў штодня абрынаюцца тоны прапагандысцкіх матэр’ялаў аб тым, што ва Ўкраіне зьдзяйсьняецца дзяржаўны пераварот, пасьля якога да ўлады прыдуць фашысты і нэанацысты. Мэтай гэтага пераварота, тут я літаральна цытую, зьяўляецца “генацыд і зьнішчэньне расейскага насельніцтва”, — сказаў Іларыёнаў.

Паралельна з гэтым, па словах экс-дарадцы Пуціна, Расея павялічвае сваю прысутнасьць ва Ўкраіне, у прыватнасьці ў Луганскай вобласьці і Крыме.

“Данскія казакі ўступілі ў Луганскую вобласьць для таго, каб абараніць расейскае насельніцтва Ўсходняй Украніны, а байкерскія клюбы “Ночные волкі” і “Казакі Волгограда” накіравалі сваіх членаў у Севастопаль для яго абароны ад расперазаных малойцаў. Усё гэта стварае ўражаньне масіраванай, добра падрыхтаванай кампаніі, якая толькі пачынаецца і будзе йсьці па нарастаючай на працягу бліжэйшых 7-10 дзён”, — зазначыў ён.

Іларыёнаў выказаў сваю нязгоду з думкай прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, што актыўнае ўмяшальніцтва Расеі ў справы Ўкраіны распачнецца пасьля завяршэньня Алімпіяды ў Сочах. Ён лічыць, што гэта адбудзецца адразу ж пасьля яе адкрыцьця.

“Пасьля ўрачыстай цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды Расея пачне зьдзяйсьняць дзеяньні якасна іншага роду. Ніякага чаканьня завяршэньня Алімпійскіх гульняў ня будзе. 7-8 лютага распачнецца ціск на Ўкраіну па ўсіх накірунках”, — сказаў ён.

Па словах экспэрта, Расея мае тры магчымых сцэнары разьвіцьця падзей ва Ўкраіне. “Першы, базавы сцэнар прадугледжвае ўсталяваньне кантролю над усёй Украінай. Гэта быў бы найбольш прыймальны варыянт. Другі сцэнар, які зараз выйшаў на першы план і пра які зараз кажуць усе пракрамлёўскія палітыкі і палітолагі, — гэта фэдэралізацыя або канфэдэралізацыя Ўкраіны. Пры зьдзяйсьненьні такога праекта трэба будзе ўсталяваць кантроль над прамаскоўскай часткай краіны. І, урэшце, трэці сцэнар. Яго будуць рэалізоўваць, калі ня ўдасца зьдзейсьніць першыя два. Гэта ўсталяваньне кантролю над Крымам, Луганскай вобласьцю і, магчыма, часткай Сумскай вобласьці. Гэта значыць, у тых раёнах, дзе пераважае расейскае насельніцтва”, — сказаў ён.

Іларыёнаў лічыць, што для Расеі зараз абсалютна няважна, хто будзе прызначаны прэм’ер-міністрам Украіны, бо “рашэньне ўжо прынята і апэрацыя разгортваецца”. Па яго словах, ціск можа быць зьменшаны толькі ў выпадку прызначэньня на гэтую пасаду Андрэя Клюева або Віктара Мэдвэдчука.

“У выпадку прызначэньня кагосьці зь іх, Масква можа зменшыць ціск на Ўкраіну за кошт таго, што самы яны, а не Крэмль, будуць выконваць расейскую праграму”, — мяркуе экспэрт. Ён падкрэсьліў, што цэлы шэраг спікераў расейскай улады наўпрост называе цяперашні час “исключительно благоприятным для восстановления вековечной мечты о воссоединении Украины и России”.

“Як вядома, Пуцін ня лічыць Украіну дзяржавай. Многія ў Крамлі называюць яе недадзяржавай. На іхную думку, Україна ня будзе такой слабой ў адносінах да Расеі, а Расея ня будзе настолькі моцнай у адносінах да Ўкраіны, як сёньня. І Захад у асобе Эўразьвязу і ЗША ня будзе настолькі абыякавым да ўкраінскага крызісу, як сёньня. Таму яшчэ раз падкрэсьлю: адлік часу ідзе на дні, бо рана ці позна Ўкраіна выкараскаецца з палітычнага і эканамічнага крызісу”, — сказаў Іларыёнаў. 31 студзеня 2014 г.

Пераклад з расейскай. Крыніца: http://gordonua.com/news/politics/Illarionov-V-techenie-nedeli-Rossiya-nachnet-totalnoe-davlenie-na-Ukrainu-7816.html