Рупар охласа?

4 лютага 2014 г.

Навіны

Ва Ўкраіне адбываюцца драматычныя падзеі, штодня мы даведваемся пра новыя факты, імёны герояў, адкрываем для сябе нацыянальную сьведамасьць украінцаў, іхную адданасьць роднай мове. Паралельна на хвалі РС плыве дзіравы лапаць мясцовай псэўдаапазыцыі. Для белрэдакцыі РС, аднак, усё на поўным сур’ёзе. Яе рэдактары настойліва даказваюць нам, што гэта не лапаць, а рамантычная каравэла рэвалюцыі, якая нясецца ў сьветлую будучыню. Паралельна з кіеўскім Майданам нам загружаюць пра “пераход Н. Палажанкі ў Говправду”, пра пікеты да мясцовых выбараў і пра іншае мельцяшэньне фальшывых, зь якіх ужо не сьмяюцца толькі тыя, хто зусім ня мае пачуцьця гумару.

І вось у тым жа ключы РС прапануе беларусам конкурс пад “пантовым” дэвізам – “Мова пантова”. Хамская маскоўская лексіка з цёмнай падваротні выводзіцца ў катэгорыю этычнай ацэнкі. Можа згаданыя рэдактары нягеглыя спэцыялісты, без адукацыі, слабаразьвітыя? Дык жа не, у іх за плячыма доўгая кар’ера ў розных месцах. А некаторыя пачыналі яе на такіх адказных пастарунках, як “выпускаюшчій міліцэйскай газэты “На страже Октября”. Мяркуем, што гэтыя спэцы ўсё разумеюць і робяць так адмыслова. Ім так загадалі тыя, што вызначаюць іхнюю лексіку і манеры ў цэлым.

Чамусьці на Майдане, у намётах, на барыкадах, у пікетах няма “пантовага” слэнгу, зачэрпнутага ў маскоўскай клаацы, на тэму роднай мовы, культуры, свайго народу, усяго сьвятога. Украінскія змагары і журналісты дазваляюць сябе рэзкую лексіку толькі ў адносінах да ворага-акупанта, да забойцаў і ўкраінафобаў. Так паводзяць сябе і так выказваюцца ўсе народы. Асабліва тыя, якія бароняць сваё ў змаганьні. Здавалася б, ну назвалі як умелі, ну мазгі такія. Такое на РС не ўпершыню. Але справа тут ня толькі ў дэвізе-назове. Вось распачаўся “конкурс” і пасыпалася, як з рогу… Плакацік з выявай трох кілішкаў зь віном: белым, чырвоным і белым. Гэбэ даўно ўжо карыстаецца сваім гнюсным вынаходніцтвам – “Сало-мясо-сало” (гэта яны так пра наш сьвяты Сьцяг). А РС выдае разьвіцьцё тэмы, рэдактарам весела. Далей плакацік з выявай чалавека, які даўно ня мыў галаву. З-пад нячэсаных валасоў дзіка ашчэраны твар. Маецца на ўвазе, што пэрсанаж выдае дэвіз плаката з заклікам “размаўляць па-беларуску”.

Але найбольш мярзотны конкурсны опус прысьвечаны мове і Народнаму Фронту, фронтаўцам, якія прысьвяцілі сваё жыцьцё змаганьню за дзяржаву, мову і культуру. Аказваецца, “Мова – не ўласнасьць БНФ”. І ў дадатак – зусім недарэчная выява пажылой жанчыны. Мы адмыслова не называем прозьвішчы “творцаў опусаў”. Зразумела, што яны ёсьць прадуктам змрочнай эпохі панаваньня хама. Такіх цяпер шмат разьвялося вакол. Рэдактары РС выдаюць гэтую гнюснасьць без камэнтароў, як нешта нармальнае, як сапраўдны творчы плён. Прапануюць спаборнічаць у тым, хто “больш пантова” здольны блюзьнерыць і ізгаляцца. Гэта ўжо стала іхным, рэдактарскім, гэткай лэйбай таго, што раней мы ведалі як Беларускую рэдакцыю Радыё Свабода.

Беларусы даўно задаюцца пытаньнем: а праўда, што РС ператварылася ў рупар охласа?

Янка Базыль