Афіцыёзная няпраўда пра Ленінградзкую блакаду

4 лютага 2014 г.

Навіны

Пры Сталіне пра жудасную блакаду Ленінграда на афіцыйным узроўні амаль не ўспаміналі. Як, зрэшты, і пра многае іншае. Як вядома, афіцыйны Дзень Перамогі 9 траўня быў адноўлены ўжо пры раньнім Брэжняве ў 1965 годзе, праз 20 гадоў пасьля той перамогі. Афіцыёзьнікі ў Крамлі цудоўна разумелі, што вялікімі злачынствамі ў той вайне вызначыліся ня толькі немцы, але й яны з сваёй крамлёўска-лубянскай хунтай . Мільёны людзей, што перажылі вайну, ведалі і памяталі пра гэта. Таму армія псэўданавукоўцаў-прапагандыстаў ужо з чэрвеня 1941 г. пачала ляпіць фальшывую мадэль “вялікай айчыннай вайны”. “Лепка” працягвалася дзесяцігоддзямі, зараз мы назіраем яе новы этап.

Многіх савецкіх ленінградцаў бянтэжыў той факт, што Сталін ні разу не наведаў пасьля заканчэньня вайны і да самай сваёй сьмерці іхны горад, ня выказаў падзякі за мужнасьць і вытрымку. Людзі разумелі, што ход бітвы за Маскву мог бы быць зусім іншым, калі б не ўдалося спыніць немцаў літаральна на ўскраінах другога па значэньню горада СССР. Ход вайны таксама быў бы іншым, калі б Ленінград захапілі немцы. Пачалася б такая паніка ў народзе, у арміі і сярод намэнклатуры, што крамлёўскую хунту ўжо не было б каму ратаваць. Вядома, што на поўным сур’ёзе сталінская групоўка зьбіралася перасяляцца за Ўрал і распачынаць сэпаратныя мірныя перамовы з Гітлерам. Бітва за Ленінград, такім чынам, мела надзвычайнае значэньне. Антычалавечы рэжым (як заўсёды) не лічыўся з чалавечымі стратамі. І ня меў ніякіх комплексаў віны або ўдзячнасьці да мільёнаў людзей, якія яго выратавалі. Ленінградцам ня трэба было зьдзіўляцца абыякавасьці тырана.

У 1940-70-я гады ў Ленінградзе не было ніякіх парадаў на дзень ліквідацыі блакады 27 студзеня. Адбываліся лакальныя мерапрыемствы, паказвалі фільмы, ускладалі вянкі на Піскароўскіх могілках. Мяне – піцерскага студэнта 70-х – уразіў прыкметны факт. Інтэлігенцыя (з тых, што перажыла жахі блакады), як правіла, маўчала. Толькі праз дзесяцігоддзі я даведаўся з СМІ і кніг, што многія з нашай прафэсуры ваявалі на фронце, ледзь выратаваліся ад галоднай сьмерці і г.д. Яны амаль заўсёды маўчалі, таму што добра памяталі дзікія сталінскія рэпрэсіі, якія ў 1940-50-я гады сталіншчына абрынула на ленінградзкую інтэлігенцыю. Гэта быў калі не гэнэтычны страх, то гэнэтычная асьцярожнасьць. Ад простых людзей мы, аднак, наслухаліся расповедаў пра канібалізм і горы трупаў на вуліцах. Слухаць гэта было цяжка, у некаторыя факты нават ня верылася. Мяне ўразіла тады, што многія з блакаднікаў доўгія гады пасьля вайны не выходзілі з дому, калі ў кішэні ня быў прыхаваны кавалак хлеба. Было зразумела, што саветы забаранілі праўду пра трагедыю Блакады.

Першым найвялікшым адкрыцьцём праўды была суаўтарская дакумэнтальная кніга ленінградзкага пісьменьніка Данііла Граніна і нашага Алеся Адамовіча. Чытайце яе – “Блакадная кніга” ня страціла і ня страціць свайго значэньня. Ёсьць яе пераклад на беларускую мову. Суаўтары нават ва ўмовах жорсткай брэжняўскай цэнзуры здолелі ўпершыню сказаць пра тое, што замоўчвалася на працягу дзесяцігоддзяў. Пра тое, што ў Смольным (дзе сядзела гарадзкое начальства з сакратаркамі і аховай) у самыя галодныя месяцы падавалі трохразовае харчаваньне. Пра тое, як на загад начальства “кацюшы” станавіліся пасярод жылых кварталаў і стралялі па нямецкіх пазыцыях. Пасьля некалькіх залпаў “героі-артылерысты” уцякалі, а немцы ў адказ накрывалі снарадамі будынкі і людзей. Пра тое, як трупы скідвалі у кучы проста на вуліцах. І пра многае іншае.

І вось настаў 2014 год, “страна празднует 70-ю годовщину снятия блокады”. Не, мы не памыліліся ў лексіцы. У Пецярбурзе разгорнута нешта маштабнае, нешта сьвяточнае. На вуліцах разьвесілі сталінскія плакаты і транспаранты, расставілі макеты артылерыі, апранулі сотні статыстаў ва ўніформы і цывільнае тых часоў. Прыязджае Пуцін і будзе фоервэрк. Усё ператворана ў “сьвята перамогі”, усё ярка і страката. Пра кнігу Граніна-Адамовіча ніхто не ўспамінае, і пра жудасныя сьведчаньні тысячаў іншых людзей таксама. Адбываецца рэанімацыя фальшывай сталінскай мадэлі, але ўжо на новым этапе і новымі магутнымі сродкамі.

Нагадаем, што блакаду ліквідавалі зь вялікімі стратамі толькі ў студзені 1944 года (!). Немцаў выбілі ўжо з Кіева і Гомеля (увосень 1943 г.), а фронт яшчэ стаяў на поўначы.

Сумленныя гісторыкі і сумленныя вэтэраны вайны даўно ўжо сказалі, што гібель такой колькасьці людзей (да 2 мільёнаў) была нявартая абароны аднаго горада. Але дыскусіі пра “сталінскі гуманізм”, зразумела, сэнсу ня маюць. Каму даказваць пра сталінскае злачынства ў Ленінградзе – пуціністам? Бессэнсоўна. Маскоўская ваеншчына рыхтуе напад на няскораную Ўкраіну, а калі напад ня ўдасца, то блакаду ўкраінскай дзяржавы. Ужо цяпер гэбізм раздзьмувае мілітарысцкую істэрыю, яны бяз гэтага ня могуць.

Гэта ня проста фальсіфікацыя і “перапісваньне гісторыі”. Гэта чарговы акт імпэрскага сцэнара па мабілізацыі свайго грамадзтва “за веру, царя і отечество”. Іх спыніць толькі салідарны супраціў народаў. Валеры Буйвал