Сэмівалос: Артыкулы аб прыналежнасьці Крыма Турцыі пішуцца ў Маскве

4 лютага 2014 г.

Навіны

Расейскія спэцслужбы распаўсюджваюць па ўсім сьвеце матэр’ялы дзеля дэстабілізацыі Ўкраіны, заявіў дырэктар Цэнтра блізкаўсходніх дасьледваньняў Ігар Сэмівалос.

Раздзьмуваньне істэрыі ў некаторых замежных СМІ аб тэрытарыяльных прэтэнзіях да Ўкраіны з боку Турцыі і іншых краін зьяўляецца ні чым іншым, як працай расейскіх спэцслужбаў. Пра гэта ў камэнтары для Gordonua.com заявіў дырэктар Цэнтру блізкаўсходніх дасьледваньняў Нацыянальнай Акадэміі Навук Украіны Ігар Сэмівалос.

“Гэта фантастычныя сцэнары. У турэцкай газэце “Харыят” апублікавалі матэр’ял, што пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Крыма Турцыя можа прад’явіць свае правы на паўвыспу. Гэты артыкул зьяўляецца поўным перакладам публікацыі з расейскай газэты “Правда”, усе гэтыя апакаліптычныя сцэнары пішуцца ў Маскве, пасьля праз агентуру матэр’ялы распаўсюджваюца па ўсім сьвеце для стварэньня дэстабілізуючага патэнцыялу”, — мяркуе Сэмівалос.

28 студзеня ў газэце Hurriyet выйшаў артыкул, у якім сьцьвярджалася, што ў выпадку далейшай дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі ва Ўкраіне Турцыя можа разьлічваць на пераход пад яе кіраваньне Крыма. Такое магчыма ў тым выпадку, калі паўвыспа абвясьціць аб сваёй незалежнасьці.

Камэнтуючы заклікі да фэдэралізацыі Ўкраіны, Сэмівалос адзначыў поўную несваечасовасьць і шкоднасьць такіх ідэй.

“Ня варта казаць пра фэдэралізацыю ў фэадальнай краіне. Гэта нонсэнс. У фэадальнай краіне ня можа быць фэдэратыўнага ладу, а могуць быць толькі фэадальныя ўдзелы. Україна да фэдэратыўнага ладу яшчэ не дарасла”, — упэўнены Сэмівалос.

“Страшылкамі” называе ўсходазнаўца і заявы некаторых палітыкаў і экспэртаў аб адрыве ад Украіны заходніх вобласьцяў і ўсталяваньні кантроля Расеі над яе ўсходам і поўднем.

“Такія планы прадугледжваюць прамую інвазію Расеі і пачатак інтэрвэнцыі, а гэта ўжо зусім іншы фармат міжнародных адносін. На сёньняшні дзень такія сцэнары малаверагодныя і выглядаюць страшылкамі для паляпшэньня сваіх пазыцый на перамовах”, — сьцьвярджае Сэмівалос.

Пры гэтым экспэрт упэўнены, што рысу грамадзянскай вайны, падобнай на сірыйскую, Україна ўсё ж яшчэ не перакрочыць з прычыны адсутнасьці ў насельніцтва як захаду, так і паўднёвага ўсходу матывацый для яе.

“Сітуацыя сапраўды небясьпечная і ўсе тэндэнцыі паказваюць на тое, што адмоўныя сцэнары, у тым ліку й сілавыя магчымыя. Але для пачатку грамадзянскай вайны патрэбная вельмі магутная матывацыя ў насельніцтва. Шчыра кажучы, сярод праціўнікаў Майдана я ня бачу гатоўнасьці памерці за свае ідэі, бо ўсход і поўдзень Украіны ня маюць сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці, хіба што паміраючую савецкую ідэнтычнасьць. Таму любая мабілізацыя адбываецца толькі пасьля ўказаньняў улады. Як толькі ўлада перастане гэтым займацца, уся мабілізацыя разваліцца”, — заявіў Сэмівалос.

Пераклад з расейскай. 2 лютага 2014 г.

Украінская інтэрнэт-газэта Gordonua.com (http://gordonua.com/news/politics/Semivolos-Stati-o-prinadlezhnosti-Kryma-Turcii-pishutsya-v-Moskve-8025.html)