Тэрарысты пралічыліся

4 лютага 2014 г.

Навіны

Мінае час з моманту ўсталяваньня хісткага перамір’я паміж украінскім народам і прамаскоўскім рэжымам. Людзі падводзяць вынікі, супастаўляюць факты, аналізуюць тэндэнцыі. Усё больш яснай становіцца карціна падзей. Называюцца розныя лічбы ахвяр і пацярпелых у часе змаганьня. Зразумела, што афіцыйная статыстыка значна заніжае гэтыя лічбы і імкнецца схаваць сапраўдныя маштабы рэжымных злачынстваў супраць чалавечнасьці, супраць украінскай нацыі. Патрыёты называюць больш высокія лічбы. У выніку гвалту з боку рэжымных структур пацярпелі некалькі тысячаў чалавек, сотні знаходзяцца ў шпіталях. Застаецца невядомым лёс некалькіх дзесяткаў зьніклых людзей. Ужо пасьля замірэньня 28 студзеня быў застрэлены патрыёт на Майдане. Памерлі двое патрыётаў, якія былі паранены ў часе баёў у Кіеве. Раскрываюцца дзікія факты катаваньняў і зьдзеку з людзей. Лідэр Аўтамайдану Дмытро Булатаў распавядае пра зьверскія катаваньні, якія ён перажыў пасьля таго, як быў захоплены тэрарыстычнай групай, якая размаўляла “з расейскім акцэнтам”.

Зразумела, што гвалтам над людзьмі антычалавечы рэжым хацеў дасягнуць аднаго – запалохаць украінцаў, паказаць народу, што супраціў бессэнсоўны, бо “улада мацнейшая і гатовая на ўсё”. Але атрымалася якраз наадварот. Рэпрэсіі і зьверствы не дэмаралізавалі ўкраінцаў, а выклікалі яшчэ больш магутны патрыятычны ўздым. Цяпер народ ведае, што супрацьстаіць ня проста “няўдалай уладзе”, а варожай структуры, якая, фактычна, зьяўляецца акупацыйным рэжымам і выконвае чужы праект, прадыктаваны Крамлём-Лубянкай. Усё больш людзей ва Ўкраіне і ва ўсім сьвеце разумеюць, што адбываецца не “унутрынацыянальны канфлікт”, а народнае змаганьне супраць чужой, акупанцкай сілы. Не выпадкова, што ўсе зафіксаваныя выканаўцы самых дзікіх злачынстваў “размаўлялі з акцэнтам”, “размаўлялі па-расейску”, “прымушалі акрываўленых палонных сьпяваць гімн Украіны”, паводзілі сябе ў стылі расейскай шпаны. Без імпартаваных маскоўскіх садыстаў рэжым Януковіча ня мог абысьціся ніяк.

Мяркуем, што расейскія спэцы перажываюць пэўную разгубленасьць: “И всего-то поводили голым одного хохла на морозе. А шуму-то сколько!” Пасьля гэтага злачынства над абаронцам Майдану падаў голас нават Патрыярх Філарэт, праваслаўны духоўны лідэр украінцаў. Ён сказаў, што зьдзек над голым казаком – гэта зьдзек над усёй Украінай. І народ пачуў гэты голас. У Расеі мільёны такіх зьдзекаў з грамадзян, а начальства РПЦ маўчыць. Акупанты пралічыліся, паспрабаваўшы адпрацаваць свае азіяцкія стэрэатыпы на ўкраінцах. У выніку мільёны людзей мірнага жыцьця і мірных прафэсій гатовыя цяпер на сьмерць ваяваць супраць антычалавекаў, якія хочуць растаптаць іхны нацыянальны і чалавечы гонар, паняволіць іх і пазбавіць будучыні. Украінцы шмат што ведалі пра імпэрыю і яе мясцовых паслугачоў, але цяпер даведаліся яшчэ больш. Яны пазбавіліся апошніх ілюзій, калі такія былі. Яны зразумелі, што Імпэрыя Зла ня дасьць ім жыць спакойна і самастойна. Яны ведаюць, хто хоча іх скарыць і зьнішчыць.

Ужо зразумела, што перамір’е ня будзе доўгім. Януковічцы ўсіх узроўняў не хаваюць сваёй нянавісьці да ўкраінскага народу і дэманструюць агрэсіўнасьць. Такую каманду яны атрымалі ад сваіх маскоўскіх начальнікаў. Дайшло да таго, што хунта адмаўляецца вызваліць з-за кратаў арыштаваных падчас змаганьня патрыётаў. Гэта ёсьць выразны знак грэбаваньня народам, нахабны жэст бандытаў, упэўненых у сваёй беспакаранасьці. Хаця з гэтай фармулёўкай мы, мабыць, пасьпяшаліся. Украінскім журналістам стала вядома, што Януковіч зьвярнуўся да вярхушкі сваёй структуры з заклікам вывозіць сем’і замяжу. Такі рэжым рыхтуецца да вайны супраць свайго народа.

І пра гэта ведае ўкраінскі народ. Украінцы ведаюць, што Масква не застанецца “нэўтральнай”. Яшчэ не сказала сваё слова нацыянальная армія, сотні тысячаў узброеных украінскіх мужчын. Няўжо Масква думае, што яны будуць абыякава назіраць за зьнішчэньнем сваіх суродзічаў і сваёй радзімы?

Тэрарыстам не ўдалося дэмаралізаваць украінскі народ. Аднак яны, падобна, не зрабілі ніякіх высноваў з рэвалюцыйных падзей. Контррэвалюцыя рыхтуе падступны ўдар. Але вайна супраць Украіны абернецца канчатковым распадам і пагібельлю маскоўскай імпэрыі.

Валеры Буйвал