Можна быць упэўненым, што бліжэйшы час пакажа, наколькі грунтоўнымі былі рэальныя дасягненьні Ўкраінскай рэвалюцыі. 28 студзеня – дзень важнай тактычнай перамогі народа ў змаганьні за сваю дзяржаву і сваю будучыню. Змаганьне будзе працягвацца, вораг не разгромлены і не выдалены з роднай зямлі. Але ёсьць безумоўныя здабыткі, якія маюць абсалютнае значэньне. Прапануем нашыя меркаваньні ў сьціслым выглядзе: Уся Эўропа, увесь сьвет, імпэрская Расея і кіеўскі прамаскоўскі рэжым, а галоўнае – сам украінскі народ – убачылі сілу нацыі, згуртаванай чалавечай і нацыянальнай салідарнасьцю, роднай мовай, культурай і традыцыяй.
Перад усім сьветам раскрыўся антынародны рэжым, які ня здолее ўжо схавацца за пустазвонствам заяваў. Нікчэмныя маскоўскія васалы розных узроўняў паспрабавалі падмануць народ, згвалціць дзяржаву і выканаць волю імпэрскай Масквы. Цяпер украінскі народ ведае, з кім мае справу.
Аказалася, што бараніць прамаскоўскі рэжым згадзіліся толькі дзьве аплочаныя катэгорыі – эсэсаўцы зь “Беркута” і крымінальныя “цітушкі”. Нягледзячы на “літарныя цягнікі”, раздачу абяцанак і грошай, “антымайданы” з удзелам працоўных праваліліся па ўсяе краіне. Цяпер украінцы пачнуць апэратыўна высьвятляць імёны і справы злачынцаў. Садыстаў і ненавісьнікаў Украіны чакае адэкватнае пакараньне. Мяркуем, што многія зь іх ужо сёньня бягуць у бок мяжы з Расеяй.
Яшчэ раз высьветлілася, што Масква і заходняя палітычная намэнклатура (Брусэль-Берлін) вядуць сумесную нячыстую гульню на аснове злачыннага падзелу Эўропы. Калі Захад і надалей так будзе паводзіць сябе з народамі, то канчаткова страціць элемэнтарны давер народаў і людзей.
Змагарны дух украінскіх патрыётаў, дысцыпліна і арганізаванасьць рэвалюцыйных шыхтоў былі залогам пераможнай барацьбы. Украінская нацыя мае палітычны авангард, духоўную эліту, разумную, сьмелую моладзь. Такі народ ня ўдасца перамагчы ніякаму ворагу ні вайной, ні падманам.
Маскоўская Імпэрыя Зла атрымала адлуп на Ўкраінскім фронце. Імпэрыя ня мае будучыні. Набліжаецца канчатковае вызваленьне Ўкраіны і Беларусі.
Валеры Буйвал