Яшчэ 24 студзеня сёлета начальнік Цярнопальскай вобласьці, стаўленік Януковіча В. Хапцян заяўляў на афіцыйным сайце абласной адміністрацыі: “Мяне прызначыў Прэзыдэнт і я пайду з пасады кіраўніка вобласьці толькі пасьля яго рашэньня…” Палохалі народ крымінальнымі артыкуламі абласныя начальнікі пракуратуры і міліцыі. А на 25 студзеня абладміністрацыя запланавала важнае мерапрыемства – “падвядзеньне вынікаў Міжнароднага конкурса знаўцаў украінскай мовы імя П. Яцыка”.
Цярнопальцы вельмі сур’ёзна ўспрынялі гэтыя “творчыя планы” дыктатарскіх прадстаўнікоў і масава зьявіліся ў памяшканьнях абладміністрацыі. Конкурс знаўцаў роднай мовы адбыўся пад нацыянальнымі сьцягамі і вельмі тэмпэрамэнтна. У выніку стаўленікі Януковіча былі адхілены ад пасад, а ўладу ў вобласьці ўзяла на сябе Народная рада.
Адным зь яе першых рашэньняў была забарона антынародных партыйных структур на падуладнай Народнай радзе тэрыторыі вобласьці: Партыі рэгіёнаў і Камуністычнай партыі Ўкраіны. Дэмакратычны дэпутат Стэпан Барна ініцыяваў гэтае рашэньне ў сваім выступе. Цытуем: “Сябры гэтых партый павінны разумець, што яны таксама адказныя за правакацыі, які чыняцца ў Кіеве з ініцыятывы іхных правадыроў, за замаўленьне “цітушак”, за пралітую кроў. Мы заклікаем сяброў Партыі рэгіёнаў і КПУ выходзіць з шэрагаў гэтых партый”. Дэпутат дадаў, што людзей, якія пакінуць у сябе партбілеты гэтых партый, чакае народнае асуджэньне. Сярод іншага грамадзтва будзе байкатаваць тавары прадпрыймальнікаў з гэтых партый.
На пазачарговай сэсіі Івана-Франкоўскай аблрады было прынятае наступнае рашэньне: “У адпаведнасьці з арт. 2, 3, 4, 21 Закона Ўкраіны “Пра мясцовае самакіраваньне ва Ўкраіне” абласная рада вырашыла: ухваліць зварот абласной рады да сяброў Івана-Франкоўскай абласной арганізацыі Партыі рэгіёнаў і прыслужнікаў дзейснага рэжыму; забараніць на торыторыі Івана-Франкоўскай вобласьці дзейнасьць і выкарыстаньне сымволікі Партыі рэгіёнаў і Камуністычнай партыі Ўкраіны як тых, што супярэчаць нацыянальным інтарэсам і парушаюць правы і свабоды грамадзянаў Украіны”.
Крыніца: http://www.unian.ua/politics/876622-ternopilska-oblrada-zaboronila-na-teritoriji-oblasti-diyalnist-pr-i-kpu.html http://www.unian.ua/politics/876614-ivano-frankivska-oblrada-zaboronila-na-teritoriji-oblasti-simvoliku-pr-i-kpu.html
Янка Базыль