Рэвалюцыйная Ўкраіна і габрэі

4 лютага 2014 г.

Навіны

Расейская дзяржпрапаганда актыўна разыгрывае габрэйскую карту ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне. Тых, хто спачувае Майдану, палохаюць разгулам антысемітызму.

У сярэдзіне студзеня адбыліся два напады каля кіеўскай сінагогі Разэнбэрга на Падоле: невядомыя ў масках зьбілі выкладчыка і вучня яшывы. Пасьля гэтага Эўрамайдан ўзяў пад ахову сталічныя сінагогі.

Хто стаіць за антысеміцкімі правакацыямі? Што абяцае ўкраінскім габрэям Майдан? Думкі экспэртаў.

Ёсіф Зісельс, кіраўнік Асацыяцыі габрэйскіх арганізацый і абшчын (ВААД) Украіны:

На сайтах некаторых партый, блізкіх да ўлады, напрыклад, на сайце Віктара Мэдвэдчука, Натальлі Вітрэнкі, на сайце “Беркута” за апошнія два-тры тыдні зьявілася шмат антысеміцкіх матэр’ялаў, якія гавораць, што менавіта габрэі арганізавалі Майдан. Гэта такі абсурд, але яму вераць тыя, хто зараз стаіць з дубінкамі і шчытамі супраць актывістаў. Іх пераконваюць: маўляў, Майдан – справа рук габрэяў, так што ня трэба нікога шкадаваць, біце ўсіх.

Я дапускаю, што прапаганду можа каардынаваць Клюеў (сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Андрэй Клюеў – рэд.). Улада шмат што капіруе з Расеі, але яшчэ Кучма напісаў, што Ўкраіна – не Расея і расейскія мэтады ў нас не спрацуюць.

Леанід Фінбэрг, дырэктар Цэнтра юдаікі Кіева-Магілянскай акадэміі:

Хлусьнёй у апошнія месяцы зьдзівіць нас цяжка. Рэпрэсіўныя законы, накіраваныя на згортваньне правоў і свабод грамадзян, нелегітымна прынятыя парляманцкай большасьцю, называюць разьвіцьцём дэмакратыі. Забойцаў актывістаў Майдана выгарожвае маразматык-прэм’ер, публічна заяўляючы аб тым, што гэта правакацыя апазыцыі.

У гэтым жа шэрагу гнюснай хлусьні намёкі ў заявах псэўдалідэраў габрэйскіх арганізацый аб прыналежнасьці ўдзельнікаў мірных пратэстных акцый да арганізацыі нападаў на двух прыхажанаў сінагогі на Падоле. Зразумела, ніякіх доказаў – яны ўсё ведаюць заранёў, да падзеяў: галоўнае – трэба “мочіть” апанэнтаў улады. Толькі так – у існуючай сістэме – яны могуць захаваць свае крымінальныя бізнэсы. Бог ім суддзя, а яшчэ, спадзяюся, іхныя дзеці, блізкія, для якіх шматкроць тыражуемая хлусьня відавочная.

Увесь сьвет бачыць і разумее, што Майдан – гэта сьвет чалавечай салідарнасьці і годнасьці. Гэта акцыя супраціву злу і гвалту, нават коштам жыцьця і здароўя. У імя нармальнага чалавечага жыцьця ў прававой дзяржаве, а не ў фэадальным абшчаку людзі прышлі на Майдан. І ня дзіва, што кіраўніцтва апазыцыі і самаабароны Майдана запрапанавала ахову сінагог, ведаючы намеры правакатараў.

Ня дзіва, што на Майдане выступаў, сярод іншых, і клезмэрскі ансамбль “Пушкін Клезмэр Бэнд”. Таксама ў агульным малебне маліліся разам сьвятары розных цэркваў, равін і муфці – за мірную Ўкраіну для ўсіх яе грамадзян, а не для бандытаў.

Алена Фінбэрг, лекарка:

Учора ўвесь дзень я працавала ў мэдсанчастцы Майдана. Я лекар, і калі абвясьцілі аб мабілізацыі лекараў, пытаньне “з кім вы?” нават не паўстала. Сябры, зразумейце, на Майдане вырашаецца не габрэйскае або негабрэйскае пытаньне, а пытаньне цывілізацыйнае, антрапалагічнае. З аднаго боку – заходнеўкраінскія маладыя хлопцы, якія ўжо трэці месяц стаяць на Майдане, інтэлігенцыя, бізнэсоўцы, студэнты і іхная прафэсура, з другога – недалюдкі, садысты гестапа. Яны сёньняшняе апірышча ўлады, яе твар. Калі перамогуць апошнія – то й “габрэйскае пытаньне” вырашыцца само сабой. Тыя, хто стаіць на Майдане, адстойваюць “нашу і вашу свабоду”. Словы “Пані лікарко, дякую, здоров’я вам і дітям вашим”, якія я ўчора пачула разоў 30 або 40 (зь ліку зьбілася вельмі хутка), не патрабуюць перакладу. Сёньня я не магу слухаць пра антысемітаў на Майдане. Думаю, іх ня больш і ня менш, чым у любым супэрмаркэце. Але калі вам кажуць, што з габрэяў на Майдане толькі Яцэнюк і Клічко, — ня верце ім.

Галіна Хараз, вэб-дызайнэр:

“Габрэйскую тэму” разыгрываюць прафэсійныя правакатары з габрэйскага асяроддзя. Гэтыя нягоднікі ў лепшых традыцыях “крывавага паклёпа” абвінавачваюць “майданаўскіх нацыяналістаў” у забойствах і нападах на габрэяў (напады сапраўды былі, толькі аўтарства іх не было высьветлена, а стыль вельмі падобны на адмыслова нанятых для гэтай мэты бандытаў). Пры гэтым самы правакатары распаўсюджваюць у інтэрнэт-сеціве паведамленьні аб фармаваньні “баявых габрэйскіх дружын”, аб паніцы ў габрэйскай абшчыне, аб тэрміновай эвакуацыі габрэйскіх сем’яў і іншае, і іншае. Яны заклікаюць габрэяў адмежавацца ад палітычных падзей, пры гэтым адмыслова падкрэсьліваюць, што ня трэба супрацоўнічаць менавіта з “прамайданаўскімі” габрэйскімі арганізацыямі.

Пераклад з расейскай. Крыніца: http://grani.ru/Politics/World/Europe/Ukraine/m.223749.html