РАСЕЙСКІЯ СПРАВЫ

4 лютага 2014 г.

Навіны

Апытаньне ў твітэры тэлеканала “Дождь”:

“Ці трэба было здаць Ленінград, каб зьберагчы сотні тысячаў жыцьцяў?”

Апытаньне, наладжанае тэлеканалам “Дождь” да 70-й гадавіны зьняцьця блакады Ленінграда, выклікала навальніцу абурэньня. Аўтары праграмы “Дылетанты” спыталі гледачоў і інтэрнэт-карыстальнікаў: “Ці трэба было здаць Ленінград, каб захаваць сотні тысячаў жыцьцяў?” Ужо праз некалькі гадзін апытаньне выдалілі, галоўны рэдактар сайта “Дождя” Ільля Клішын прынёс выбачэньні. “Некарэктнае пытаньне пра блакадны Ленінград было памылкай і прадзюсэра, і праграмы, і рэдактара сацсетак”, — напісаў ён у твітэры.

Але скандал разгарэўся яшчэ мацней. Рэгіянальныя едіноросы у агульным імпэце кляймяць здраднікаў і блюзьнерцаў, іхныя маладзёвыя арганізацыі пікетуюць рэдакцыю. Увечары 27 студзеня “над будынкам рэдакцыі тэлеканала “Дождь” маладыя людзі, апранутыя ў форму жаўнераў часоў ВОВ, устанавілі сьцяг – Сьцяг Перамогі, аналаг таго, які быў устаноўлены над рэйхстагам у 1945 годзе, — рапартуюць крамлёўскія актывісты. – Мы хочам нагадаць, што не дазволім нікому пераасэнсаваць і пераацэньваць вынікі Вялікай Айчыннай вайны і не дамо ходу іншадумствам усіх тых, хто лічыць, што Вялікая Перамога магла быць дасягнута нейкім іншым коштам”.

Гнеў прафэсійных патрыётаў падзялілі гэтым разам і некаторыя лібэралы. (…)

Віталь Дэмарскі, журналіст

…Усе тыя зьнявагі, якія пасыпаліся на нашыя галовы з розных крыніц, афіцыйных і неафіцыйных, прапаную пераадрасаваць выдатнаму расейскаму пісьменьніку Віктару Астаф’еву, які прайшоў вайну, што называецца, “ад і да”.

Пра Ленінградзкую блакаду Віктар Астаф’еў публічна напісаў ў 1989 годзе: “Мільён жыцьцяў – за горад, за каробкі? Аднавіць можна ўсё, да апошняга цвіка, а жыцьці ня вернеш… А пад Ленінградам? Людзі вырашылі за камень загубіць іншых людзей. І якой пакутніцкай сьмерцю! Дзяцей, старых…”

“Вы не баецёся атрымаць процьму лістоў ад тых, хто рэзка ня згодны з вамі?” – спыталі Астафьева. “Ну і што? Атрымаю, — адказаў ён. – Але ж думаць ад гэтага я не магу па-іншаму”.

Пераклад з расейскай Крыніца: http://grani.ru/Society/History/m.223836.html