Любімая тэма некаторых грамадзян РФ, якія хочуць бачыць Украіну ў складзе Расеі, — так званы раскол Украіны, што вызначыўся, на “прарасейскі ўсход” і “бандэраўскі захад”, а таксама пагроза грамадзянскай вайны і прыйсьця да ўлады страшных нацыяналістаў.
Але хто гэта ўсё кажа? Хто палохае ўкраінцаў, што яны, маўляў, такія розныя, што лепш бы ім вярнуцца ва ўлоньне СССР? Калі ня ўсім, то хаця б “рускім” – у Крыме, у Данбасе, у Адэсе.
Гэта кажуць расейцы, гэта значыць грамадзяне краіны, бальшыня насельніцтва якой люта ненавідзіць уласную сталіцу Маскву, што зажралася, — гэтую вельмі багатую дзяржаву ў атачэньні жабрацкіх рэгіёнаў. І з рознай інтэнсіўнасьцю пагарджае бліжнімі суседзямі і далёкімі сябрамі.
Гэта кажуць грамадзяне краіны, на частцы тэрыторыі якой ня першае дзесяцігоддзе ідуць сапраўдныя баявыя дзеяньні, не параўнальныя ні зь якім Эўрамайданам.
Эўрамайдан гэтым грамадзянам паказваюць ледзь не ў прамым эфіры, а што адбываецца на Паўночным Каўказе, не паказваюць амаль ніколі. І нават запіс, на якім бачна, як і хто ўзрываў вакзал у Валгаградзе, не паказалі.
Гэта кажуць бяспамятныя грамадзяне краіны, якая фактычна анэксавала дзьве з паловай карлікавыя дзяржавы (Паўднёвую Асэцію, Абхазію і Прыднястроўе) і цяпер ня ведае, што зь імі рабіць. Як урэгуляваць канфлікт у Сірыі, яны пры гэтым ведаюць, а што рабіць з сваёй і чужой савецкай спадчынай, – не.
Урэшце, гэта кажуць грамадзяне краіны, галоўны рэлігійны культ якой, мабыць, казнакрадства. У жрацах гэтага культа самыя багатыя і пасьпяховыя. Хто сам ня можа служыць культу, тыя разводзяцца з жонкамі, якія ўжо марнеюць над золатам у зацішку. Культу гэтаму імкнуцца служыць саборна ў сяброўскіх краінах – ад Кіпра да Вялікапрачачнай, туманнага нашага Чэлсістана. Хто больш скраў, у таго й ранг вышэй. Што вашы, хахляцкія, у параўнаньні з нашымі? Драбяза!
Так, ледзь не забыўся: гэта яшчэ грамадзяне краіны, па якой у Сочы вязуць Алімпійскі агонь. На аленях, праз дно возера Байкал, касьмічны афэдрон МКС і, галоўнае, праз да краёў напоўненыя патрыятызмам чарапы тэлеглэдачоў.
І ніхто гэтаму наскрозь фальшываму агню не супраціўляецца нават маральна.
Ды што там – нашых лепшых, самых чэсных сыноў і дачок па высмактаных з пальца абвінавачваньнях саджаюць у турму на гады, а мы, крыху дзеля прыстойнасьці павойкаўшы, вяртаемся з хаўтуроў на сьвята жыцьця.
Пацыенты гэтай нашай псіхіятрычнай бальніцы хочуць, каб тэрыторыю іхняй лячэбнай установы пашырылі за кошт суседняй дзяржавы. Вашай, калі што. Спачатку заслаўшы туды крымінальнага казачка Януковіча, каб ён, як кажуць, вынес на сподачку.
А мы сустрэнем. Прыходзьце, украінцы, мы вас гарбатай пачастуем.
Вашыя сыны будуць служыць у нашай арміі.
На Далёкім Усходзе, напрыклад.
Або абслугоўваць асэціна-грузінскую мяжу.
Або ахоўваць юнакоў і дзяўчат зь мітынга на Балотнай плошчы (накшталт вашага Эўрамайдана, але без агню, палявых кухняў, намётаў і заклікаў скінуць уладу прэзыдэнта).
А нашыя навабагачы і чыноўнікі пераправяць накрадзеныя вашымі да нас у Чэлсістан. У Крыме, урэшце, наладзяць свае дачы самыя знатныя масквічы.
Ну дык жа, украінцы, браты, што вы чакаеце?! Няўжо вы ня хочаце нашай любові, га, хахлы?
Або вы, сволачы такія, усё-ткі нацыяналісты?
Казьлінае племя экстрэмісцкае?
Ды ня надта вы й патрэбныя нам, дармаеды бездухоўныя.
Гасан Гусейнаў
Пераклад з расейскай Крыніца: http://grani.ru/opinion/m.223948.html Гасан Гусейнаў – доктар філалагічных навук, выдатны мовазнаўца. Жыве ў Маскве.