22 студзеня 2014 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Крым камэнтуе сітуацыю ва Ўкраіне”. Вось гэты артыкул:
У адмысловым паведамленьні крымскі парлямант сьцьвердзіў: Жыхары Крыму ніколі ня будуць жыць у “бандэраўскай Украіне”.
У Севастопалі адбылося надзвычайнае паседжаньне крымскага парляманту, які выдаў заяву “Аб палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне”. – Жыхары Крыму ніколі ня будуць жыць у “бандэраўскай Украіне” – кажуць у заяве крымскія парлямантары. – Крым ня будзе ўдзельнічаць ні ў якіх датэрміновых выбарах і ніколі не прызнае іх вынікаў – папярэджваюць крымскія прадстаўнікі.
Парлямант Аўтаномнай Рэспублікі Крым, дзе ў большасьці засядаюць прадстаўнікі кіруючай партыі рэгіёнаў, нядаўна зьвярнуўся да прэзыдэнта Віктара Януковіча з просьбай “аб сілавым вырашэньні сытуацыі на кіеўскім Майдане”.
— Мы падтрымалі Вас на прэзыдэнцкіх выбарах і ўзамен чакаем рашучых дзеяньняў, каб не дайшло да дзяржаўнага перавароту, да якога імкнуцца звар’яцелыя экстрэмісты – пераконваюць крымскія дэпутаты.
Парлямант Крыму таксама падтрымаў прынятыя падчас паседжаньня парляманту зьмены ў заканадаўстве, якія прадугледжваюць шмат забаронаў, якія скіраваныя супраць апазыцыі і недзяржаўных арганізацый. Акрамя таго, крымскія абраньнікі дамагаюцца поўнай забароны дзейнасьці апазыцыйнай партыі “Свобода”, якая аб’ядноўвае правыя групоўкі на Заходняй Украіне.
Больш за 60% жыхароў Крыма дэкларуюць расейскую нацыянальнасьць. Мабілізацыя прарасейскіх асяродкаў распачалася яшчэ перад самітам Усходняга Партнёрства ў Вільні. На пачатку лістапада ў Севастопалі адбылася маніфэстацыя пад лёзунгамі “Ня хочам быць з эўрапейцамі-підэрамі, а толькі з братамі-славянамі”. Тады замаскаваныя маніфэстанты спалілі і растапталі сьцяг Эўразьвяза.
На працягу гадоў у Крыме ходзяць чуткі, што мясцовым выдаюцца расейскія пашпарты. Прадстаўнікі расейскай супольнасьці ў Севастопалі сьцьвярджаюць, што ва ўсім горадзе іх атрымала ўжо нават да 50 тыс. грамадзян.
Руслан Шошын
Пераклаў з польскай В. Буйвал
Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1081163-Krym-komentuje-sytuacje-na-Ukrainie.html