Зянон Пазьняк: СЛАВА УКРАІНЕ!

24 студзеня 2014 г.

Навіны

Падзеі на Ўкраіне абавязваюць мяне зрабіць гэтую заяву ў дачыненьні да Ўкраіны і Беларусі.

У Кіеве правячая прамаскоўская кліка перайшла рубікон вайны. Пачалі страляць у людзей на Майдане. 22 студзеня забілі пяць чалавек (сярод іх аднаго беларуса). Вяртаньня да мірнага супроцьстаяньея цяпер можа ня быць. Цяпер калі ўкраінцы адступяць, — Украіну патопяць ў рэпрэсіях, растопчуць супольнымі сіламі прамаскоўскай улады здрайцаў і пуцінскіх агентаў.

Калі ўкраінцы не адступяць, — гэта будзе вайна з бандыцкім рэжымам і імпэрскай Масквой. Масква зацікаўлена ў крывавым канфлікце на Ўкраіне. Тады ў Крамля зьяўляецца магчымасьць ўмяшацца са сваім войскам. Дзеля гэтага яна (нагадваючы пра 15 мільярдаў даляраў крэдыту) штурхае Януковіча да рэпрэсіяў, на расправу, і на карніцкае вырашэньне супроцьстаяньня, але патрабуе тактычна зацягваць час. У асяроддзе пратэстоўцаў Масква накіравала масу сваіх шпіёнаў, правакатараў і тэрарыстаў. Эўразьвяз абмяжоўваецца заявамі і “заклапочанасьцю”.

Лічу абавязковым паведаміць некалькі істотных высноў:

1.Рэвалюцыя мусіць мець дакладную, зразумелую ўсім мэту і хутка наступаць. Страта часу і абарона – сьмерць рэвалюцыі.

2.Які б ня быў цяпер выбар украінцаў – ці мірная абарона і, вынікаючы зь яе разгром супраціву народа, ці наступ і верагодная за ім вайна, — мы, беларусы, мусім сур’ёзна рыхтавацца да падобных пратэстных падзеяў у Беларусі, якія могуць пачацца праз пэўны час.

3.Пры варыянце вайны нам, беларусам, неабходна дапамагаць украінцам і падтрымліваць украінскі народ усімі спосабамі ў тым ліку і ўдзелам дабраахвотнікаў, памятаючы, што лёс Беларусі вырашаецца таксама і на Ўкраіне.

4.Пры ваенным канфлікце з крамлёўскай Расеяй ні ўкраінцам, ні беларусам ня трэба спадзявацца на Заходнюю Эўропу. Эўропа ня пойдзе супраць Расеі. Абапіраймася на сябе і на свой народ.

5.Прадухіленьню маштабнага канфлікту на Ўкраіне мог бы паспрыяць загад аб арышце Януковіча (за ўжываньне зброі супраць народу) і хуткае выкананьне загаду.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!

23 студзеня 2014 г. Зянон Пазьняк Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і КХП – БНФ, Кіраўнік парляманцкай Апазыцыці БНФ ў Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь (1990-1996 гг.)