Да каго ісьці і з чым?

2 студзеня 2014 г.

Навіны

З павагай стаўлюся да вядомага літаратара і гісторыка Ўладзімера Арлова. Яго выдатныя працы па папулярызацыі гісторыі краіны, роднай мовы і культуры маюць вялікую карысьць у справе захаваньня адметнасьці беларусаў і супраціву асіміляцыйным працэсам. Таму заўсёды з цікавасьцю чытаю і слухаю яго выказваньні і меркаваньні. Уважліва праслухаў яго выказванье на радыё Свабода за 31 сьнежня 2013 г (http://www.svaboda.org/media/video/25216512.html).

Ён гаворыць пра сваю трывогу адносна сытуацыі з роднай мовай, што мы ўсё больш набліжаемся да кропкі невяртаньня, што ў гарадах няма беларускіх школаў і клясаў, тое самае ў вёсках. Пра свае шматлікія сустрэчы з чытычамі, якія ня ўсе з іх прыносяць радасьць, таму што многія вучні, асабліва ў малодшых клясах не разумеюць беларускай мовы, што мэтодыкі выкладаньня мовы ў школе блізкія да мэтодык выкладаньня замежнай мовы.

У гэтым выказваньні паважанага Ўладзімера Арлова адчуваецца заклапочанасьць невялікай эфектыўнасьцю сваіх сустрэчаў з чытачамі. Гучыць як бы разгубленасьць перад хадой працэсаў русіфікацыі да кропкі невяртаньня.

Тут, канешне, пытаньне нумар адзін ў адраджэнскай працы - да каго ісьці і з чым? Ісьці сеяць зерне на непадрыхтаваную глебу, як бачым, дае мала плёну. У школу большасьць беларускіх дзецей прыходзяць ужо “глухія” да роднай мовы. Адсюль высновы – трэба рыхтаваць глебу. Трэба ісьці ў сям’ю, да бацькоў. Трэба знайсці спосабы дайсьці да бацькоў. Важна таксама з чым ісьці да бацькоў. Неабходна ўлічыць, што бацькі дэзарыентаваныя, яны ўжо заглынулі псэўданавуковую імпэрскую ўстаноўку, што роднай мовай чалавека зьяўляецца тая мова, якой ён авалодаў у дзяцінстве. Адсюль: “какая разница, на каком языке говорить” і “* так проще*”. Да сэрца ўжо дастукацца цяжка, значыць трэба праз розум, праз прагматызм бацькоў. Трэба разьбіць хлусьлівую псэўданавуковую імпэрскую ўстаноўку. Трэба абаперціся на разумных пэдагогаў мінулага пачынаючы ад Я. Коменскага, Д.Ушынскага, В.Сухамлінскага ды іншых і на сучасныя навуковыя веды.

Практыка паказвае, што ў нашых умовах, адным з эфэктыўных мэтадаў у адраджэнскай справе ёсць праца падрыхтаваных кансультантаў-валантэраў, якія валодаюць і адпаведнымі пэдагагічнымі ведамі і навуковымі ведамі інтэлектуальнага разьвіцьця дзіцяці. Працуючы над праектам “Глядзім у будучыню” стала зразумелым, што такіх кансультантаў трэба рыхтаваць. Вось як бачыцца мэты такой школы (ці курсаў):


Школа падрыхтоўкі кансультантаў па інтэлектуальным выхаваньні.

Кансультант працуе з бацькамі. Кансультант не займаецца непасрэдна выхаваньнем дзяцей (сваіх,канешне,выхоўвае). Выхаваньнем дзяцей займаюцца бацькі і педагогі. Яго задачамі зьяўляюцца: -першая і галоўная, ўпэўніць бацькоў ў неабходнасьці выхоўваць дзетак да 9-10 гадоў (з улікам цяпершчыны) у беларускамоўным асяродку, заахвоціць бацькоў выхоўваць сваіх дзетак па-беларуску, -другая, дапамагчы бацькам аб’яднацца з аднадумцамі, -трэцяя, ствараць базу дадзеных педагогаў (выхавацеляў), якія здольныя выхоўваць дзетак па-беларуску, -чацьвёртая, дапамагчы спалучыць бацькоў і педагогаў, для арганізацыі выхаваньня дзетак па-беларуску.

Кансультанты павінны ведаць педагагічныя мэтодыкі разьвіваючага выхаваньня дзяцей для таго, каб адказаць на ўзьнікшыя пытаньні па выхаваньні дзяцей у бацькоў, зарыентаваць іх ў інфармацыйнай прасторы па методыкам выхаваньня. Кансультант: 1.Набывае веды і практычныя здольнасьці па арганізацыі курсаў і групаў кансультантаў па інтэлектуальным выхаваньні. 2.Набывае веды па педагагічным мэтодыкам разьвіваючага выхаваньня дзяцей. 3.Набывае здольнасьці арыентаваць бацькоў ў інфармацыйнай прасторы па мэтодыкам разьвіваючага выхаваньня. 4.Набывае практыку правядзеньня гутарак з бацькамі па пытаньнях інтэлектуальнага разьвіваючага выхаваньня. 5.Набывае здольнасьці арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы па прагнозах разьвіцьця тэхналёгіяў жыцьця ў 21-м стагоддзі і неабходнасьці адпаведнай зьмены адукацыі. 6.Набывае веды па арыентацыі ў інфармацыйнай прасторы па навуковым канцэпцыям фармаваньня інтэлекту чалавека.


Гэтую справу ў нашых умовах можна зрабіць толькі па прынцыпах самаарганізацыі. Актыўным беларусам і асабліва беларускім гуманітарыям (літаратарам, гісторыкам, мастакам, выкладчыкам, настаўнікам, выхавацелям ды іншым), каб іх прафэсіі і творчая прадукцыя мелі попыт ў грамадзтве, трэба ўключыцца ў такую самаарганізацыйную працу.

Ініцыятыва “Глядзім у будчыню” Для кансультацыяў: h.buducynju@gmail.com Тел: Velcom – 29 345-24-53; MTC – 33 395-43-83

2 студзеня 2014 Сяргей Папкоў