Аднаўляюць культ Леаніда Ільліча

22 снежня 2013 г.

Навіны

19 сьнежня чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” апублікавала артыкул пад тытулам “Жытло Брэжнева зноў аздабляе памятная шыльда. Гэта ёсьць даніна гісторыі, як сказалі”. Вось гэты артыкул:

На дом у цэнтры Масквы, у якім на працягу дзесяцігоддзяў жыў былы савецкі валадар Леанід Брэжнеў, у чацьвер вярнулася памятная шыльда. Так сталася падчас цырымоніі, прысьвечаная 107-й гадавіне нараджэньня Брэжнева. Дэпутаты правячай партыі “Адзіная Расея” вызначылі вяртаньне памятнага знаку як “даніну гісторыі”.

Леанід Брэжнеў у доме нумар 26 на Кутузаўскім праспэкце жыў з 1952 года да самай сваёй сьмерці праз трыццаць гадоў. У цырымоніі ўзяла ўдзел, акрамя групы вэтэранаў другой сусьветнай вайны і дэлегацыі маскоўскай мэрыі, таксама некалькі дэпутатаў фэдэрацыі.

“Гэта ёсьць частка аб’ектыўнай ацэнкі правадыра нашай краіны”, — сказаў пры адсланеньні шыльды дэпутат ад “Адзінай Расеі” Аляксандр Хінштэйн, зазначыўшы, што аднаўленьне не зьяўляецца рэабілітацыяй сацыялізма і Брэжнява як палітыка. Па словах дэпутата і ўслаўленага ў Расеі сьпевака патрыятычных песень Ёсіфа Кабзона, Расея многім абавязаная Брэжняву. Яго імем павінны быць, паводле Кабзона, названыя вуліцы і плошчы.

Шыльду на Кутузаўскім праспэкце ўпершыню адсланілі адразу ж пасьля сьмерці Брэжнева. Пасьля распада Савецкага саюза яны была дэмантавана ў 1991 годзе і перададзена ў якасьці расейскага дару ў Музэй берлінскага мура ў сталіцы Нямеччыны. Памятная шыльда з партрэтам Брэжнява, адслоненая ў чацьвер у Маскве, зьяўляецца яе дакладнай копіяй.

1964-1982 гады, калі Брэжнеў валадарыў у якасьці кіраўніка камуністычнага палітбюро, у Расеі часам вызначаюць як пэрыяд стагнацыі. Брэжнеў жорстка перасьледваў савецкае дысыдэнцтва, ў часы яго ўлады савецкія войскі ўварваліся ў Чэхаславакію ў 1968 годзе і ў Аўганістан у 1979 годзе. Нягледзячы на гэта многія расейцы ўспамінаюць яго з удзячнасьцю. У нядаўнім анкетаваньні Брэжнеў быў вызначаны як лепшы валадар краіны ў ХХ стагоддзі.

CTK, iDNES.cz

Пераклаў з чэшскай В. Буйвал

Крыніца: http://zpravy.idnes.cz/pametni-deska-lenid-breznev-moskva-dtl-/zahranicni.aspx?c=A131219_163320_zahranicni_hro

У Маскве “чудят” ды яшчэ ў імя “гістарычнай праўды”. Што ж, няхай забаўляюцца. Асабліва тыя, хто, як Кабзон, абавязаны эпосе Брэжнява літаральна ўсім. Як бачым, “дорогіе россіяне” ў анкеце паставілі крыжык каля Л.І. Брэжнява, але ніхто зь іх не прышоў дабраахвотна на цырымонію аднаўленьня шыльды.

Для пакаленьня цяперашніх 30-гадовых ён зусім невядомы. Для 40-гадовых слаба памятны. Для маладзейшых расейцаў Брэжнеў нешта, як цар Гарох. Аднак, усё пазнаецца ў параўнаньні. На адлегласьці рэтраспэкцыі кштлаты і абрысы эпохі брэжнявізма выглядаюць інакш. Леанід Ільліч і ягонае палітбюро (хаця пра іх распавядалі анэкдоты і сьмяяліся) уяўляюцца цяпер нейкай даволі манумэнтальнай зьявай, стылістычна цэльнай і стабільнай. У той час было нашмат больш адназначнасьці: Бога нет, товарішчі; царская Россія – тюрьма народов; все нас боятся; я русскій бы выучіл только за то… і г.д. Не выпадкова, што многім мільёнам савецкіх людзей, людзям практычным, разумным і цьвярозым існаваньне СССР здавалася вечным і бясконцым. Многія думалі нават, што сам Брэжнеў будзе вечным. Таму сярод іншага згаданыя мільёны людзей зьбіралі ў хованках і ашчадных касах дзесяткі тысячаў сэканомленых рублёў “на похороны”, “на внуков” і падобнае. І калі ўсё гэтае “вечнае і манумэнтальнае” пачало валіцца амаль адразу пасьля сьмерці Брэжнява, то гэта ўспрымалася многімі як абвал неба на зямлю. Некаторыя дагэтуль не зразумелі, што ж гэта тады адбылося.

І ўсё ж такі. Паўторымся, у брэжняўскіх крамлёўскіх баяраў была “неповседневная стать”. Гэта былі сапраўдныя пародзістыя паханы прафэсійнай дзяржмафіі. Іх сапраўды цікавіў лёс імпэрыі. Ім і ў галаву не прышло б рабіць тое, што вытвараюць цяпер у Расеі іхныя лубянскія пераемнікі. Крамлёўскія палаты занялі дробныя апэркі. Яны з паперкі не чытаюць, але свае прамовы выдаюць з плебейскімі грымасамі і тузаньнем у стылі вулічнай шпаны. Гэта ўжо не Карлеёнэ, а самая нізкая мафійная катэгорыя. Дзякуючы ёй гніеньне імпэрыі набыло ўнівэрсальны і неабарачальны характар. Яны раскрадаюць народныя багацьці, адчуваючы набліжэньне канца сваёй улады. Усім зразумела, што якраз гэтыя ня вечныя. Сьвяты цар Мікалай ІІ Крывавы і адначасна роўнаапостальны сьвяты Ленін і многае іншае — такой шызафрэнічнай эклектыкі даўно не было ў гісторыі Маскоўшчыны.

Самае галоўнае, каб яны цешыліся сваімі ўспамінамі, шыльдамі, сваёй імпэрыяй, гніеньнем і г.д. без нас, без беларусаў.

Валеры Буйвал