Падтрымліваем вольную Ўкраіну

9 снежня 2013 г.

Навіны

(Заява)

Падтрымліваем народ Украіны ў імкненьні пазбавіцца ад расейскага наступу, ад расейскай палітыкі шантажу і правакацыяў, якая рабілася з мэтай зацугляць Украіну і прывязаць яе да хворай расейскай імпэрыі.

Прэзыдэнт Януковіч гуляўся з Эўразьвязам, каб больш атрымаць ад Расеі, і думаў, што народ не зразумее, што ён вядзе яго зноў у маскоўскую залежнасьць, атрымаўшы гарантыі Крамля. Але не атрымалася. Украінцы разабраліся.

Тое, што адбываецца цяпер з украінцамі – гэта рух за вольную Ўкраіну, незалежную ад Масквы. Дзеля таго, каб Україна сапраўды была вольнай, трэба пазбавіцца ад прамаскоўскай улады Януковіча і яго ўраду, “абнуліць” усю верхавіну ўлады і правесьці новыя выбары. Гэтага патрабуюць цяпер украінцы, і гэта ёсьць галоўнае ва ўкраінскім змаганьні.

Патрабаваньне аб далучэньні да супрацоўніцтва з Эўразьвязам – гэта ёсьць мэтад пазбавіцца ад прэтэнзій Масквы і повад для барацьбы за новую ўкраінскую ўладу ў вольнай Украіне.

Усё хутчэй набліжаецца час, калі саўковыя ўлады на Ўкраіне і ў Беларусі зыдуць у нябыт. І тады вольная Ўкраіна і вольная Беларусь адбудуюць вольную Ўсходнюю Эўропу. Вечнай агрэсіі з Усходу настане канец.

Слава Ўкраіне! Слава героям! Жыве Беларусь!

Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

8 сьнежня 2013 г. г. Менск