Ніяк ня могуць зразумець

7 снежня 2013 г.

Навіны

У савецкі час хадзіў папулярны, сьмешны сваёй абсурднасьцю анэкдот:

“У хаце падпольшчыка на ўскрайку сяла пасярод ночы пастукалі ў дзьверы. Гаспадыня спытала: “Хто там?” – “Скажите, а Макар Петрович дома?” Гаспадыня адказала: “Не, ён пайшоў у лес да партызанаў, панёс шыфроўкі”. Голас за дзьвярмі: “А-а, ясно. Будьте добры, передайте ему, что приходило гестапо. Мы зайдём завтра, мы тут облаву делаем. Извините за беспокойство. Хайль!”

Папулярны жанр народнай творчасьці таму й быў папулярным, што ў ім адлюстроўваліся павучальныя рысы жыцьцёвай практыкі. У тым сэнсе, што “у кожнай казцы ёсьць намёк”. Беларусы даволі масава пераканаліся ў гэтым літаральна з першых дзён народна-вызвольнага фронтаўскага змаганьня. Тактычны посьпех патрыётаў, якім 19 кастрычніка 1988 года ўдалося ўтварыць Аргакамітэт Народнага Фронта (фактычна, распачаць фронтаўскае рушэньне), быў абумоўлены адной важнай дэтальлю. Напярэдадні таго схода грамадзкасьці ў Чырвоным касьцёле ў Менску, які стаў гістарычным, Зянон Пазьняк паведаміў пра план утварэньня Фронта толькі двум асобам – Васілю Быкаву і прафэсару Міхасю Дубянецкаму, абсалютна надзейным беларусам.

Ужо праз некалькі дзён масавасьць фронтаўскай зьявы пачала даваць свае ў тым ліку і адмоўныя рысы. 30 кастрычніка 1988 тысячы людзей на заклік Фронта пайшлі да Ўсходніх могілак, каб адзначыць Дзяды. Многія прышлі на месца падзеяў расчараваныя. Як толькі яны выйшлі з мэтро, то адразу ўзьнялі сьцягі і разгарнулі транспаранты. На іх тут жа наляцелі міліцыя і гэбэшнікі, усё парвалі і адабралі. “Як жа так?!” – абражана казалі беларусы. Ім трэба было тлумачыць, што сымволіку трэба разгортваць на месцы падзей, дзе шмат аднадумцаў, дзе фронтаўская дружына і г.д.

Пазьней шмат праблем ўзьнікала з актывістамі з правінцыі. Яны ехалі ў электравіках на сталіцу, каб паўдзельнічаць у фронтаўскіх акцыях, вясёлай і шумнай грамадой. Калёнай па 20-30 чалавек крочылі ад вакзала і вельмі зьдзіўляліся, калі іх ўжо непадалёк ад прывакзальнай плошчы вязалі і садзілфі ў падрыхтаваныя міліцэйскія машыны-клеткі. Хаця і ў сталіцы здараліся падобныя інцыдэнты, асабліва з актывістамі “Мал. Фронту”. Вопытныя фронтаўцы пыталіся потым у моладзі: “А хто гэта вам параіў наладзіць акцыю пратэста каля касьцёла ў вялікае каталіцкае сьвята, калі там імша і працэсія?” Маладыя думалі і ўспаміналі такія імёны, як Цімох Дранчук і Слава Сіўчык.

Спрычыніліся да праблемы і “дэмСМІ”. Упачатку 2000-х гадоў рэжым вытурыў з будынка Беларускі Гуманітарны Ліцэй імя Я. Коласа. Бацькі з цяжкасьцю знайшлі прытулак, каб працягнуць заняткі. А газэта “Наша Ніва” паслужліва паведаміла ў інфармпрастору: “Белліцэй працягнуў заняткі ў будынку Чырвонага касьцёла!” Зразумела, што на наступны дзень ліцэісты былі выдалены на вуліцу.

Многія камэнтатары не хавалі свайго зьдзіўленьня нядаўнім анонсам на Радыё Свабода пра “аўтобус, які павязе нас на кіеўскі Майдан”. Там нават падаваліся тэлефоны, па якіх можна было забясьпечыць сябе месца ў “рэвалюцыйным сродку транспарта”. Разумныя людзі выказалі ўсё, што думалі пра гэта і сапраўды адэкватна прадугледзілі, чым усё гэта скончыцца. Яно тым і скончылася. Каля Пухавічаў “рэваўтобус” спынілі чыны ва ўніформах і без. Людзям давялося полем па калена ў сьнезе ісьці да чыгуначнай станцыі… Як кажуць на Лубянцы, “несолоно хлебавші”.

Аргумант наконт таго, што “мы ж не экстрэмісты, мы нікому шкоды ня робім і таму нам ніхто ня зробіць…”, тут не праходзіць. Ды й што такое “дэмСМІ”, забывацца ня варта. І зусім не абавязкава, што ўсё гэта прыдумалі зласьлівыя правакатары. У жыцьці шмат круціцца розных людзей, дзівакоў, экзальтаваных асобаў, інфантыльных тыпаў, “восторженных” і местачковых рамантыкаў. Розум беларусам дадзены для таго, каб думаць перш чым рабіць. Пара зразумець, дзе мы жывем.

Ян Булыга