Студэнты абараніліся ад рэпрэсій

7 снежня 2013 г.

Навіны

4 сьнежня 2013 года каля тысячы студэнтаў кіеўскіх ВНУ пікетавалі Міністэрства асьветы і навукі Ўкраіны, патрабуючы спыніць запалохваньне і рэпрэсіі супраць студэнтаў, якія выйшлі на страйк з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнта Януковіча і падпісаньня Дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам.

Сядзібу Міністэрства асьветы заблакавалі міліцыя і “Беркут”, якія доўгі час не прапускалі пікетоўшчыкаў на сустрэчу з кіраўніцтвам міністэрства. Аднак, пры падтрымцы народных дэпутатаў Украіны з фракцыі УА “Свобода” Ірыны Фарыён, Руслана Марцінківа і Ігара Мірашнічэнкі прадстаўнікі Студэнцкай каардынацыйнай рады ўсё ж дамагліся правядзеньня перамоваў з першым намесьнікам міністра асьветы і навукі Яўгенам Сулімай.

Вынікам пікетаваньня і перамоваў стала публікацыя Міністэрствам асьветы і навукі Ўкраіны загада № 1694, у адпаведнасьці зь якім кіраўніцтва міністэрства прызнала канстытуцыйнае права студэнтаў на страйк і засьцерагла кіраўнікоў вышэйшых навучальных установаў ад спробаў адміністрацыйнага ціску на ўдзельнікаў страйку.

Як зазначыў народны дэпутат Украіны Руслан Марцінків, які ўзяў удзел у гэтых перамовах, Міністэрства, паводле ўказаньня міністра Табачніка, спрабавала пайсьці шляхам эскалацыі канфлікта, аднак праяўленая студэнтамі салідарнасьць, гатоўнасьць абараняць свае правы прымушае чыноўнікаў зважаць на пазыцыю студэнтаў.

Народны дэпутат падкрэсьліў, што нежаданьне міністэрства асудзіць крывавы разгон студэнцкага майдана ўноч на 30 лістапада 2013 года маральна недапушчальнае. Ён зьвярнуўся да кіраўніцтва міністэрства і рэктараў вышэйшых навучальных установаў з заклікам адмовіцца ад якіх-кольвечы спробаў перашкоды студэнтам выяўляць сваю грамадзянскую пазыцыю, асабліва не ціснуць на студэнтаў праз патрабаваньне абавязкавай адпрацоўкі прапушчаных заняткаў.

У Студэнцкай каардынацыйнай радзе паведамілі, што студэнты, якія непасрэдна зазналі абмежаваньне іхніх канстытуцыйных правоў, павінны даслаць афіцыйна аформленую заяву з апісаньнем парушэньня і імёнамі датычных да гэтага асобаў.

Нагадаем, што 1 сьнежня 2013 года СМІ паведамілі, што Міністэрства асьветы патрабуе ад кіраўніцтва Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсітэту імя Шаўчэнкі і іншых ВНУ перадаць яму сьпісы студэнтаў, якія бяруць удзел у масавых акцыях пратэста.

Прэс-служба Івана-Франкоўскай гарадзкой арганізацыі УА “Свобода”

Пераклад з украінскай.

Крыніца: http://www.svoboda.org.ua/diyalnist/novyny/045088/