Товарищ халява!..

7 снежня 2013 г.

Навіны

5 сьнежня польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейскія дыпламаты ў ЗША кралі сацыяльную дапамогу”. Вось гэты артыкул:

Сьледства ФБР адкрыла “сістэматычныя захады, што мелі на мэце незаконнае выкарыстаньне грошай на сацыяльную дапамогу”. У падмане абвінавачваюцца 49 былых і цяперашніх дыпламатаў з Расеі і іх жонак/мужоў.

Інфармацыю пра сьледства сёньня абвясьціла сама пракуратура Нью Ёрка. Паводле пракуратуры, расейцы прысабечылі ня менш за 1,5 млн даляраў з Medicaid – ўрадавай праграмы падтрымкі аховы здароўя для найбяднейшых амэрыканцаў.

Акт абвінавачваньня з лістапада знаходзіцца ў фэдэральным судзе на Манхэтане.

Расейцы пісалі ў ньюёркскіх шпіталях заявы на фінансавую дапамогу пры цяжарнасьцях, родах і па апецы за нованароджаным. На аснове міжнародных пагадненьняў ня ўсе дыпламаты мелі права на такую фінансавую дапамогу, таму частка падавала несапраўдныя дадзеныя аб сваім дыпламатычным статусе.

Усе яны павінны былі, аднак, адпаведна заявіць пра нізкія даходы. ФБР высьветліла тым часам, што дыпламаты, згаданыя ў акце абвінавачваньня, у той самы пэрыяд, калі падавалі гэтыя заявы, куплялі дарагія гадзіньнікі, біжутэрыю, абутак, адзежу і інш. за тысячы даляраў.

Цімур Саламацін, былы сакратар місіі Расеі пры ААН, напрыклад, падаў у шпіталі, што зарабляе 3 тыс. даляраў штомесяц. У сапраўднасьці ён зарабляў 5,2 тыс. даляраў. Іншы дыпламат дзякуючы падачы несапраўднай сумы заробкаў атрымаў на працягу трох гадоў дапамогу ў выглядзе вітамінаў і спэцхарчаваньня на суму ў 23 тыс. даляраў.

ФБР паведамляе ў акце абвінавачваньня, што ў 2004-2013 гадах у сем’ях расейскіх дыпламатаў у Нью Ёрку нарадзілася 63 дзіця. Пры 58 родах бацькі падалі заяву і атрымалі фінансавую дапамогу з Medicaid.

Зразумела, ніводзін з дыпламатаў не стане перад судом, бо іх абараняе дыпламатычны імунітэт. У сьнежні 2012 г. прэзыдэнт Уладзімір Пуцін падпісаў распараджэньне, якім забараняўся ўезд на тэрыторыю Расеі некаторым амэрыканскім чыноўнікам. У гэтым сьпісе знаходзіцца сярод іншых пракурор Нью Ёрка, які на працягу апошніх двух гадоў вядзе сьледства ў справе падману з боку дыпламатаў.

Безумоўна, справа будзе мець працяг. Публічны акт абвінавачваньня зьяўляецца ганебным для расейскай дыпламатыі. Таму амаль напэўна расейцы адкажуць падобным крокам. Барташ Вэнглярчык

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1070317-Rosyjscy-dyplomaci-okradali-pomoc-spoleczna.html