Мы, прадстаўнікі антысавецкіх і антыкамуністычных рухаў, якія выпрабавалі на сябе бязьлітаснасьць рэпрэсіўнага рэжыму камуністычнага таталітарызма і прыгнёт савецкай імпэрыі, але ніколі не спынялі барацьбу за справядлівасьць, асуджаем варварскі разгон кіраўнікамі Ўкраіны мірных дэманстрантаў на Майдане ў Кіеве і заяўляем аб нашай поўнай падтрымцы арганізатарам і ўдзельнікам акцый. Мы цалкам спачуваем ім, падтрымліваем іхнія патрабаваньні і выказваем салідарнасьць зь іхнім пратэстам, бо лічым, што незалежнасьць, свабода і правы чалавека – гэта вышэйшыя каштоўнасьці, за якія безумоўна варта змагацца і ахвяравацца.
Мы заклікаем кіраўнікоў дзяржаваў вольнага сьвету прыкласьці ўсе намаганьні дзеля таго, каб пазьбегнуць далейшага ўжываньня гвалту супраць дэманстрантаў і запабегчы ўсталяваньню таталітарнага кіраваньня ва Ўкраіне.
Мы хочам адмыслова падкрэсьліць, што ў працэсах ва Ўкраіне выразна прасочваецца імкненьне кіраўніцтва Расеі аднавіць імпэрыю ў межах былога савецкага «усходняга блоку», з выкарыстаньнем для гэтага любых палітычных, эканамічных і ваенна-правакацыйных мэтадаў. Калі Расея здолее ўсталяваць ва Ўкраіне рэжым, аналагічны беларускаму, гэта ня толькі стане перашкодай для разьвіцьця дэмакратычных працэсаў ва Ўкраіне і ў іншых былых савецкіх рэспубліках, але й створыць умовы для таго, каб над Эўропай зноўку апусьцілася жалезная заслона і сьвет вярнуўся ў эпоху халоднай вайны.
Мы заклікаем увесь цывілізаваны сьвет, усіх, для каго незалежнасьць, воля і справядлівасьць зьяўляюцца важнейшымі каштоўнасьцямі, усіх, хто лічыць, што бясьпека сьвета павінна грунтавацца на справядлівасьці, а не на ўжываньні гвалту, праявіць салідарнасьць і актыўна падтрымаць людзей, што выйшлі на вуліцы Кіева змагацца за дэмакратыю і свабоду. Кремль павінен убачыць, што ўвесь цывілізаваны сьвет стаіць побач з маніфэстантамі і што няма альтэрнатывы разьвіцьцю дэмакратыі на ўсходнім накірунку!
Мы зьвяртаемся да ўладаў Украіны з заклікам адмовіцца ад ужываньня грубага гвалту і прыслухацца да голаса народа.
Жыве Ўкраіна!
2 сьнежня 2013 г.
Гэтую заяву напісалі і пачалі распаўсюджваць грузінскія патрыёты, салідарныя з барацьбой украінскага народа. Заява распаўсюджваецца па ўсёй Эўропе.
Заяву ўжо падпісалі:
Лагле Парэк – Эстонія. Былая палітзьняволеная, удзельніца нацыянальна-вызвольнага змаганьня, старшыня Партыі Нацыянальнай Незалежнасьці Эстоніі
Трывімі Вэлістэ – Эстонія. Міністар замежных справаў Эстоніі (1992-94), дэпутата Парляманту Эстоніі, прэзыдэнт Балтыйскай Асамблеі.
Хэйкі Аханэн – Эстонія. Былы палітзьняволены, удзельнік нацыянальна-вызвольнага змаганьня.
Калью Мэцік – Эстонія. Былы палітзьняволены, адзін з заснавальнікаў Партыі Нацыянальнай Незалежнасьці Эстоніі.
Кале Юргэнсан – Эстонія. Дэпутат Парляманту Эстоніі.
Юрыс Путрыньш – Латвія. Старшыня Таварыства Яніса Чаквэ.
Вардан Аруцюнян – Арменія. Былы палітзьняволены, старшыня Цэнтра правоў і свабоды.
Разьмік Маркасян – Арменія. Былы палітзьняволены.
Азат Аршакян – Арменія. Былы палітзьняволены.
Паруйр Айрыкян – Арменія. Былы палітзьняволены, прэзыдэнт каардынацыйнага цэнтра дэмакратычных рухаў у СССР “Дэмакратыя і незалежнасьць”.
Антанас Цярлецкас – Летува.
Альфонсас Сварынскас – Летува.
Баліс Гаяўскас – Летува.
Фэліц’я Ніёлэ Садунайтэ – Летува.
Андрус Тучкус – Летува.
Леанардас Вілкас – Летува.
Аляксандр Падрабінэк – Расея.
Гурам Сасэлія – Грузія.
Давід Бэрдзэнішвілі – Грузія. Былы палітзьняволены.
Вахтанг Дзабірадзэ – Грузія. Былы палітзьняволены.
Тарыэл Гвініяшвілі – Грузія. Былы палітзьняволены.
Ядвіга Хмялёўска – Польшча.
Пётр Хлябовіч – Польшча.
Кароль Гвазьдзевіч – Польшча.
Зянон Пазьняк – Беларусь.
Валеры Буйвал – Беларусь.
Сяргей Папкоў – Беларусь.
Збор подпісаў працягваецца.