2 сьнежня польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:
Маніфэстанты занялі частку стратэгічных будынкаў у сталіцы. Цяпер яны змагаюцца за большасьць у парляманце.
Рашучасьць маніфэстантаў відавочна робіць уражаньне на прэзыдэнта Ўкраіны. Пасьля абеду ў панядзелак Віктар Януковіч размаўляў з старшынёй Эўракамісіі Жазэ Мануэлам Барозу. Яны ўзгаднілі, што перамовы аб асацыяцыйнай дамове ў блізкім часе будуць адноўленыя. Барозу таксама заявіў, што Эўразьвяз гатовы распачаць рэалізацыю тэкста пагадненьня, хаця яно было толькі парафіравана, а не падпісана і ратыфікавана парлямантамі краін Эўразьвязу, як таго патрабуе эўрапейскае заканадаўства.
Ініцыятыва ўвесь час належыць апазыцыі і ў самым Кіеве. Майдан Незалежнасьці, цэнтральная плошча сталіцы, у панядзелак быў цалкам у руках маніфэстантаў. З гэтага сымвалічнага месца ня толькі адступілі штурмавыя аддзелы міліцыі “Беркут”, але маніфэстанты пабудавалі барыкады на вуліцах, што вядуць на плошчу. У сярэдзіне плошчы пастаўленыя прынамсі 50 вайсковых намётаў. Увечары нягледзячы на мароз на плошчы сабраліся некалькі дзесяткаў тысячаў маніфэстантаў.
Графіці ў ратушы
Зь нядзелі ў руках апазыцыі знаходзіцца будынак ратушы Кіева. Пры ўваходзе ў будынак нехта напісаў чорнай фарбай – “штаб рэвалюцыі”. І сапраўды, менавіта тут свой штаб размясьцілі тры найвялікшыя групоўкі ўкраінскай апазыцыі: “Удар” Віталя Клічка, заснаваная Юліей Цімашэнкай “Батьківшчіна” і нацыяналістычная “Свобода”. Аднак нават тут лідэры апазыцыі маюць цяжкасьці з падтрыманьнем кантролю над сваім шэрагамі. У будынку павыбіваныя шыбы, у многіх месцах сьцены замазаныя графіці. Праўда, маніфэстантам не ўдалося ўвайсьці ў яшчэ больш важны будынак – сядзібу ўраду. Улады сьцягнулі ў Кіеў тысячу жаўнераў частак МУС, каб ахоўваць гэты будынак, як і прэзыдэнцкі палац непадалёк. Аднак некалькі тысячаў пратэстуючых здолелі заблакаваць уваход у сядзібу рады міністраў і цэнтральнага банка, практычна, паралізуючы працу галоўных дзяржаўных ворганаў.
Выпрабаваньнем сілы апазыцыі цяпер будзе ўзровень актыўнасьці ўкраінцаў у далучэньні да генэральнага страйку. У панядзелак лідэры апазыцыі заклікалі ўсіх спыніць працу да моманту, пакуль Януковіч не падасьць у адстаўку альбо не заключыць пагадненьне з Эўразьвязам. Цяпер студэнты масава ня ўдзельнічаюць у занятках.
Тым часам апазыцыя мае дакладны план апанаваньня ўлады. Яна хоча ў аўторак давесьці справу да галасаваньня аб вотуме недаверу для ўраду Мыколы Азарава.
— Гэта ёсьць першы этап. Наступным будзе адстаўка прэзыдэнта. – тлумачыць Арсені Яцэнюк, лідэр “Батьківшчіны” у адсутнасьці Цімашэнкі. – Што праўда, пакуль што апазыцыі далёка да здабыцьця большасьці ў Вярхоўнай Радзе. На мінулым тыдні яна мела толькі 170 мандатаў на 450 месцаў у парляманце. Аднак толькі зь нядзелі з Партыі Рэгіёнаў выйшлі прынамсі пяць дэпутатаў.
** Без надзвычайнага становішча**
Пакуль што няма шансаў на рэалізацыю альтэрнатыўнага плану ўрэгуляваньня крызіса, які фарсуецца лягерам Януковіча. Старшыня парляманта Володымыр Рыбак запрапанаваў утварыць “круглы стол” усіх галоўных палітычных сіл. Аднак гэтую прапанову адразу ж адкінулі ўсе лідэры апазыцыі.
Уноч зь нядзелі на панядзелак зьявіліся знакі таго, што Януковіч узважвае з сваімі супрацоўнікамі варыянт увядзеньня надзвычайнага становішча ў Кіеве, а можа таксама і ў іншых рэгіёнах краіны. Аднак у панядзелак Рыбак выключыў такую магчымасьць.
— Я ня бачу такой неабходнасьці. – заявіў ён.
Не зразумела, ці гэта ёсьць знакам падзелу сярод найбліжэйшых супрацоўнікаў прэзыдэнта, ці й сам ён пад ціскам дэманстрантаў мяняе сваю стратэгію.
Здаецца, што ад прэзыдэнта дыстансуюцца алігархі, уключна з самым багатым зь іх – Рынатам Ахмэтавым. Па тэлеканалах, што належаць як яму, так і іншым украінскім магнатам, усё больш зьяўляецца матэр’ялаў пра дзейнасьць апазыцыі. Ахмэтаў, падобна як сам Януковіч, паходзіць з Данэцка. Таму прэзыдэнт ня можа легкадумна ставіцца да такой зьмены стратэгіі.
Енджэй Бялецкі
Пераклаў з польскай В. Буйвал
Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1069409-Opozycja-w-natarciu.html