31 кастрычніка латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:
Заканадаўчы сход аўтаномнай рсэпублікі Дагестан ў чацьвер адзінагалосна прыняў зварот да прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і спікераў абедзьвюх палатаў расейскага парляманту з просьбай пазбавіць дэпутацкага мандата Уладзіміра Жырыноўскага, а таксама прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці за скандальныя выказваньні на тэму Каўказа ў тэлеэфіры.
Дэпутаты дагестанскага парляманту “ад імя ўсіх жыхароў рэспублікі катэгарычна асуджаюць антыдзяржаўныя нацыяналістычныя заявы правакатара – чалавека, які рушыць адзінства Расеі”.
“Мне балюча за расейскі народ”, — сказаў на паседжаньні парляманту прэзыдэнт Дагестана Рамазан Абдулаціпаў. — “Калі ў расейскага народу такія абаронцы, як Жырыноўскі, гэта сьведчыць пра глыбокую народную трагедыю”.
Абурэньне дагестанскіх заканадаўцаў выклікалі меркаваньні віцэ-спікера Дзярждумы і старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Жырыноўскага на мінулым тыдні ў эфіры тэлеканала Россія 1 аб тым, што трэба абмежаваць нараджальнасьць паўночнакаўказкіх народаў, а тэрыторыю Каўказа адгарадзіць калючым дротам.
Ужо раней дэпутаты Чачэніі паведамілі пра намер дамагчыся, каб Жырыноўскі за гэтыя выказваньні патрапіў пад суд і каб у яго было адабрана расейскае грамадзянства.
“Тэрор блукае па планэце і сваімі жудаснымі крыламі б’е па Расеі”, — сказаў лідэр лібэрал-дэмакратаў на мінулым тыдні ў тэлеперадачы “Двубой”. – “Прычына – гэта тэрыторыя Паўночнага Каўказа, прычына – гэта ісламскі радыкалізм (…), але галоўная прычына – гэта надта вялікая колькасьць насельніцтва. Пакуль ня будзе кантралявацца нараджальнасьць, пакуль у сем’ях ня будзе ня больш як два дзіця, тэрор не магчыма перамагчы”.
“Ім (на Каўказе) трэба нараджаць столькі дзяцей, колькі ў сярэднім нараджае чалавек. Два, адно – усё. За трэцяе – сьмяротны прысуд. Ня хочаце – мы абмяжуем. Ня хочаце – абгародзім заслонай з калючага дроту. Ня хочаце – замкнем усё, што можна, няхай сядзяць там. 15-20 дзяцей – няхай самы гадуюць, самы шукаюць працу. Але забіваць Расею мы нікому не дазволім,” – сказаў Жырыноўскі, заслужыўшы воплескі публікі.
Тым часам многія экспэрты зазначаюць, што Жырыноўскі часта выступае з палітычнымі ініцыятывамі, якімі пазьней ў большай ці меншай ступені займаецца Крэмль.
LETA/NEWSRU.COM
Пераклаў з латышскай В. Буйвал
Крыніца: http://www.diena.lv/pasaule/dagestana-aicina-putinu-atnemt-zirinovskim-deputata-mandatu-14031103